Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Гданьску стартуе навукова-дасьледчая экспэдыцыя “Бурштынавы шлях” з удзелам беларускіх археолягаў


Вячаслаў Кулік, Менск У міжнародным экіпажы зь 15 чалавек ёсьць прадстаўнікі Беларусі. На ладзьдзі ўзору Х-га стагодзьдзя “Сварог” (гэта імя міфалягічнага Бога агню) яны пройдуць па старажытным гандлёвым шляху ад Балтыкі да Дняпра.

Прывітаньне! “Бурштынавы шлях” – гэта заходняе адгалінаваньне больш вядомага шляху "З варагаў у грэкі", з поўначы на поўдзень. Дзейнічаў ён найбольш актыўна ў X-м стагодзьдзі. Апошні факт праходжаньня суднам пад ветразем зафіксаваны 550 гадоў таму. Гэта інфармацыя Інстытуту археалёгіі Нацыянальнай акадэміі Ўкраіны, якая ўпершыню у мінулым годзе арганізавала міжнародную экспэдыцыю па старажытным “Бурштынавым шляху” ад Дняпра да Балтыкі. Сёньня стартуе яе другі этап і пра асаблівасьці маршруту ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў беларускі гісторык Сяргей Тарасаў:

(Тарасаў: ) “Сёньня ў пятніцу беларускія ўдзельнікі міжнароднай экспэдыцыі, кандыдаты навук Андрэй Леанідавіч Кішпінаў і я, Сяргей Тарасаў, накіроўваемся ў чарговае падарожжа. Нас чакаюць сустрэчы, найперш, зь літоўскімі калегамі ў Каўнасе, а ў вечары мы ўжо будзем у Гданьску, дзе скідваем на ваду наш карабель. Выходзім на Балтыку, рушым на Калініград, пасьля – на Клайпэду, уваходзім у вусьце Нёмана, падымаемся да Горадні, а калі ўдасца, то і да Мастоў, пасьля чаго, праўда, давядзецца перацягнуцца на пагрузчыку ў Берасьце. Затым – па Дняпроўска-Бугскім канале, па Піне, Прыпяці, Дняпры і фінішуем у Кіеве”.

Паводле вахтавага журналу 2004 году, на пераходзе ад Брэста да Варшавы экіпаж ладзьдзі патраціў ажно 11 сутак, бо на плыткаводзьдзе Буга на беларускім боку адбылося 412 аварыйных сытуацый. Па словах Сяргея Тарасава, сёлета становішча не палепшылася, рака Буг па-ранейшаму хавае перашкоды ня толькі для турыстычных катэраў, але і лодак з маторам альбо на вёслах:

(Тарасаў: ) “Былі штормы на Чорным моры, на Балтыйскім, рвала ветразі, зрывала якары. Але апошняя вандроўка па Заходнім Бугу была надзвычай экстрэмальная: вада ўпала і нам практычна давялося 250 кіляметраў цягнуць свой карабель на руках. Падлічылі, што на працягу нашага працоўнага дня, а ён пачынаецца ў 5 гадзінаў раніцы і завяршаецца ў 22 гадзіны, мы сягалі ў ваду ад 50 да 65 разоў – прыблізна кожныя 15 хвілінаў. Экстрэмальныя сытуацыі менавіта на Заходнім Бугу, самы складаны ўчастак”.

Паводле графіка, ладзьдзя “Сварог” зьявіцца ў Беларусі прыкладна 10-11 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG