Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мяса ў Беларусі дарэжэйшае, чым у суседзяў?


Іна Студзінская, Менск Па цэнах на мяса, каўбасы і асабліва на мясныя паўфабрыкаты Беларусь заўсёды значна апярэджвала сваіх суседзяў – Літву, Польшчу, Украіну. А цяпер гэтая розьніца ў коштах на мяса, каўбасы ды іншыя мясныя прадукты асабліва заўважная.

Міністэрства статыстыкі й аналізу сьцьвярджае, што сярэдні кошт па краіне на ялавічыну пры канцы траўня складаў 6320 рублёў (прыкладна 3 даляры за кіляграм). Прычым самыя нізкія кошты былі ў Століне, Рагачове, Лідзе, Барысаве – ад 5 да 5600 рублёў за кіляграм. А вось у Пінску, Бабруйску, Мазыры ялавічына даражэй – у сярэднім 7500. Сярэдні кошт сьвініны ў Беларусі – 6850 за кіляграм, паводле афіцыйнай інфармацыі.

Усе гаспадыні ведаюць, што ў звычайнай краме па фіксаваных коштах нічога добрага ня купіш. А выразка зь ялавічыны каштуе там ужо 13500, сьвіная шыя, філейка – 12 тысяч. На Камароўцы ялавічына прыкладна 10 тысяч, цяляціна – 12 - 14 тысяч, добрая сьвініна прыкладна па столькі ж. Затое косьці, корм для жывёлы па паўтары-дзьве тысячы. Магчыма, адсюль і атрымліваецца ў Міністэрства статыстыкі гэты сярэдні кошт мяса ў 3 даляры за кіляграм.

Ды што там выразка – звычайнае сала прадаюць мінімум за 8 тысяч, добрае – да 10 тысяч за кіляграм. У суседніх Польшчы, Літве, Украіне мяса значна таньней, прычым, на рынку кошты ніжэйшыя за магазінныя.

Экспэрт у пытаньнях эканомікі Леанід Злотнікаў падлічыў, што на вытворчасьць аднаго кіляграма ялавічыны ў Беларусі патрэбна затраціць амаль у 8-10 разоў больш энэрганосьбітаў, чым гэта патрэбна для таго ж кіляграма ялавічыны ў Заходняй Эўропе. Эканаміст прывёў яшчэ некалькі складнікаў:

(Злотнікаў: ) "Урадлівасьць збожжавых у сельскай гаспадарцы Беларусі ў тры разы меншая, чым у Заходняй Эўропе. Потым, каб атрымаць прывагу ў 1 кіляграм, у Беларусі патрэбна ў 3 разы больш збожжа, чым у той жа Эўропе. Вось вам ужо ў 6 разоў больш выдаткаў на кіляграм мяса. Потым, у харчовай прамысловасьці прыкладна на 30% затраты больш, чым у той жа Эўропе… І калі мы дойдзем да канца ланцужка гэтага, мы ўбачым, што ў 8-10 разоў на 1 кіляграм мяса мы маем затраты большыя, чым у нашых суседзяў. Састарэлыя тэхналёгіі, састарэлая арганізацыя".

Ну а па коштах на сыравэнджаныя каўбасы, вяндліну Беларусь значна абышла ўсе суседнія краіны – каўбасы найвышэйшага гатунку каштуюць больш за 20 тысяч (даражэй за 10 даляраў), вяндліна – 16-19 тысяч (9 даляраў). Для параўнаньня: у суседняй Літве прыкладна такая ж сыравэнджаная каўбаса каштуе 15 літаў – гэта 6 даляраў. А вырабы зь якасных паўфабрыкатаў могуць дазволіць сабе ў Беларусі толькі заможныя людзі. У гіпэрмаркеце "Бігз" кіляграм шашлыку са сьвініны каштуе амаль 18 тысяч.

Прафэсар, доктар сельскагаспадарчых навук, Іван Нікітчанка тлумачыць гэта памылкамі ў эканамічнай палітыцы. Пачатак такой палітыкі, на яго думку, паклаў Закон ад 1990-га году "Аб часовай абароне спажывецкага рынку" – ім забаранялася вывозіць сельскагаспадарчую прадукцыю за межы краіны. Потым, у 1995 годзе, быў выдадзены ўказ прэзыдэнта, згодна зь якім уводзілася мыта 14%, падатак на дададзеную вартасьць – 20%, і акцызны падатак на ўсе тавары, што ўвозяцца ў Беларусь, у тым ліку і харчовыя.

(Нікітчанка: ) "І вось адразу пасьля гэтага ўказу цэны падскочылі амаль ў два разы. Па-другое, вытворчасьць харчовых тавараў цяпер рэзка ўпала, гэта толькі па справаздачах яна расьце, а там спрэс прыпіскі, ліпа. Сёньня ў нас вытворцы хто? Захудалыя саўгасы-калгасы, якія вінныя нам 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў. І яны ня ў стане вырабіць столькі, колькі нам патрэбна прадуктаў харчаваньня. І будзе чарговы рост цэнаў, талённую сыстэму прыйдзецца ўводзіць, як было раней".

(Карэспандэнтка: ) Такім чынам, вы прагназуеце, што гэта яшчэ ня пік, будзе яшчэ рост?

(Нікітчанка: ) "Не-не-не. Ад гэтай дураты пікі наступаюць праз пэўны час. Гэта самае сапраўднае глупства. Калі б раней, сказалі – шкодніцтва, а цяпер – глупства".

Калі раней жыхары памежных зь Літвой, Польшчай раёнаў, дый менчукі маглі прывезьці больш танныя прадукты з Літвы, то цяпер дзейнічае лёзунг "Купляйце беларускае" – увесьці ў краіну можна ня больш 5 кіляграмаў прадуктаў харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG