Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве разгарэўся скандал вакол рэстаўрацыі Архірэйскага палацу


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёлета ў жніўні ў Магілёве плянуецца адкрыцьцё праваслаўнага епархіяльнага цэнтру. Ён месьціцца ў будынку, які вядомы ўсім магілёўцам – у Архірэйскім палацы, помніку архітэктуры 18 стагодзьдзя. Аднак гэтымі днямі ў Магілёве разгарэўся скандал вакол рэстаўрацыі палацу.

Магілёўскі архірэйскі палац – гэта помнік архітэктуры барока. У 18-м стагодзьдзі яго пабудаваў архітэктар Глаўбіц, і ў палацы калісьці месьцілася рэзыдэнцыя праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага, вядомага асьветніка, які цяпер кананізаваны праваслаўнай царквой. За савецкім часам палац выкарыстоўваўся як звычайны жылы дом са зручнасьцямі ў двары, а некалькі гадоў таму будынак быў перададзены Магілёўскай праваслаўнай епархіі, і там цяпер ідзе рамонт.

Галоўная рэдактарка недзяржаўнага тэлеканалу “Магілёў-2” Алена Барысава у сваёй праграме “З гісторыяй поруч” першая звярнула ўвагу на тое, як вядзецца рэстаўрацыя Архірэйскага палаца.

(Барысава: ) “Мы ўбачылі як рэстаўруецца палац – гэта жах, вар''яцтва і жах. Таму што няшмат у Магілёве таго, што засталося з 18 стагоддзя, гэта на пальцах можна пералічыць. На палацы цяпер няма дошкі, што гэта ахоўваецца дзяржавай. Таму што дзяржавай гэта не ахоўваецца”.

Якое ўражаньне складаецца ад наведваньня будаўнічай пляцоўкі? Асабіста ў мяне такое ўражаньне, што ў Архірэйскім палацы робіцца эўрарамонт. Хаця наколькі пасуюць помніку старажытнай архітэктуры такія рэчы, як гіпсакартонавыя столі, бэтонная лесьвіца замест мармурнай, сайдзінг пад дахам і гэтак далей – ацэнку гэтаму павінны даваць спэцыялісты. Магу толькі сказаць, што непрыемна было пабачыць каля будынку выламаныя ломам рэшткі старога чугуннага ліцьця.

У абласным прадпрыемстеа “Цэнтар рэстаўрацыі” мне распавялі, што ўласьнік палацу робіць у будынку рамонт так, як лічыць патрэбным. Рэстаўратары лічаць, што гэта самавольства, якое нікім не кантралюецца. Неафіцыйна ім параілі не ўмешвацца ў рэлігійныя справы.

Між тым уладыка Сафроній, епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі сказаў, што ўсё, што робіцца ў палацы – цалкам законна. Уладыка Сафроній лічыць прэтэнзіі да рамонту ў Архірэйскім палацы праявай зайздрасьці. Хутка, абяцае праваслаўны епіскап, будзе адкрыты архірэйскі цэнтар, дзе будуць праваслаўны музэй, нядзельная школа і бібліятэка.

Кіраўнік савету ў справах рэлігіяў Валерый Ваньковіч абураны пытаньнямі жуналістаў і лічыць, што гэта ня іх справа, бо Архірэйскі палац належыць праваслаўнай царкве. Вось пазыцыя спадара Ваньковіча.

(Ваньковіч: ) “Са зьнешняга выгляду ён будзе помнікам архітэктуры. Якая каму справа – што там робіцца ўнутры. Там ужо ўкладзеныя мільёны грошай. Там была прыбіральня, адтуль было вывезена чатыры машыны бруду і сьмецьця. Там царква робіць і яна за гэта адказвае”.

Аднак, нягледзчы на гэта, грамадзкасьць Магілёва занепакоеная тым, што робіцца з Архірэйскім палацам. Ёсьць спадзяваньні на арганізацыі, якія абавязаныя абараняць помнікі архітэктуры. У прыватнасьці, гэта таварыства аховы помнікаў. Намесьнік кіраўніка магілёўскага аддзяленьня таварыства Сяргей Бяспанскі паабяцаў вывучыць праблему.

(Бяспанскі: ) “Зараз падымем пытаньне: хто гэта робіць і ці ёсьць на гэта дазвол. У нас у рэспубліцы адзіны цэнтар -- дэпартамэнт гісторыка-культурнай спадчыны. Усё перапрацоўкі, рэканструкцыі і будаўнічыя раскопы на гістарычнай частцы горада -- толькі праз іх дазвол. Цяпер будзем гэтым займацца”.

Як захоўваюцца асаблівасьці дойлідзтва 18 стагоддзя ў Архірэйскім палацы? Чым тлумачыцца пазыцыя неўмяшальніцтва ўладаў, якія, з іншага боку, мараць пераўтварыць Магілёў у цэнтар для турыстаў? І што ўрэшце мы захаваем для нашчадкаў з той нешматлікай спадчыны, які ацалела ў войнах і рэвалюцыях? Такія пытаньні цяпер задаюць магілёўскія журналісты і гісторыкі, і разлічваюць атрымаць на іх адказы.

На здымку: агульны выгляд Магілёву. Гравюра пачатку 18-га стагодзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG