Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода на сярэдняй і кароткай хвалі – водгукі слухачоў і сакрэты добрага прыёму


Сяргей Шупа, Прага Мы працягваем атрымваць нараканьні нашых слухачоў наконт якасьці прыёму нашых праграмаў. Каб разам з вамі палепшыць сытуацыю з прыёмам Радыё Свабода распачала сэрыю спэцыяльных перадачаў – “Настрой на Свабоду”, прысьвечаных радыёпрыёму наагул і прыёму нашых праграмаў у прыватнасьці.

Усім нашым слухачам добры дзень. У папярэдніх перадачах мы гаварылі пра тое, як палепшыць прыём нашых праграмаў на кароткіх і сярэдніх хвалях. За гэтыя пару тыдняў мы пачалі атрымваць водгукі на першыя перадачы, і сёньняшні выпуск перадачы Настрой на Свабоду будзе прысьвечаны вашым лістам.

Зміцер Несьцераў зь Менску даслаў ліст электроннай поштай.

11 чэрвеня праслухаў праграму “Настрой на СВАБОДУ” – піша Зьміцер. Яна натхніла мяне правесьці маленькі экспэрымэнт і падзяліцца з вамі сваімі назіраньнямі.

Дык вось, адключыў я ўсе хатнія электрапрыборы і паспрабаваў настроіцца на “Свабоду” праз сярэднія хвалі (у сваёй памяці я зафіксаваў толькі частату 612). З сумам прызнаюся, што нічога ў мяне не атрымалася. Стаіць бесьперапынны шум, незалежна ад таго, на кухні я знаходжуся, ці ў залі. Спрабаваў і да заходу сонца, і пасьля: ўсё адно. Ніякай “Свабоды” ня чутна. Зрэшты, як ніводнай іншай радыёстанцыі.

Па сярэдніх хвалях я поўзаў праз музычны цэнтар LG – CD-323 AX. Паласа пракруткі мае значэньні ад 65 да 108 MHz (FM) і ад 530 да 1600 kHz (AM). Не ведаю, можа гэта мадэль цэнтра такая непрыдатная, што на ім немагчыма нешта слухаць у дыяпазоне АМ. Але навошта гэты дыяпазон тады зроблены? – піша нам Зьміцер Несьцераў зь Менску.

Паважаны Зьміцер, вы не напісалі – які ў вас дом – цагляны або жалезабэтонны, і не напісалі якой вы карысталіся антэнай. Калі дом ваш жалезабэтонны, дык тэлескапічнай антэны самога прыймача будзе недастаткова. Бо інакш немагчыма, каб на сярэдніх хвалях не было чуваць наагул ніводнай радыёстанцыі – нават на найгоршым прыймачы ў Менску мусяць лавіцца канал Культура на частаце 1125 кілягерцаў і Радыё Менск на 1170 кілягерцаў.

Наагул, прыймач названай Вамі маркі хутчэй падыходзіць для слуханьня кампакт-дыскаў і магчыма самых магутных станцыяў у дыяпазоне FM – лепш пашукайце нейкі стары надзейны транзыстарны або нават і лямпавы прыймач – і наладзьце антэну.

Зьміцер Несьцераў піша далей:

Затое вось што цікавае я выявіў, калі блукаў ужо на іншым прымачы па кароткіх хвалях: на хвалі 19 м на частаце 14570 вельмі добра чуваць вашую радыёстанцыю пасьля 20 гадзін. Лепей, чым, на 7195 kHz ці на 15480 kHz.

Тут вы, Зьміцер, сустрэліся з гэткай фізычнай зьявай як люстэркавая частата. Рэч у тым, што сыгнал радыёстанцыі можа даходзіць да прыймача ня толькі на намінальнай частаце, а паралельна і на іншых. Гэта могуць быць гэтак званыя гармонікі, калі сыгнал прымаецца на частаце, роўнай намінальнай памножанай на 2, 3, 4 і г.д. Або гэта могуць быць люстэркавыя частоты, якія адрозьніваюцца ад намінальнай на падвоеную прамежкавую частату прыймача. Інакш кажучы, калі ад нашай частаты 15480 кілягерцаў адняць 910 кілягерцаў (бо прамежкавая частата прыймача – 455 кілягерцаў), дык атрымаецца якраз 14570 кілягерцаў.

У якасных прыймачах усе лішнія частоты – гармонікі, люстэркавыя – звычайна добра фільтруюцца. Тое, што ў вас сыгнал на люстэркавай частаце лепшы за сыгнал на частаце станцыі, сьведчыць на жаль пра невысокую якасьць прыймача.

***

А вось што напісаў, таксама электроннай поштай, Генадзь Балтрушэвіч, таксама зь Менску:

Жыву ў Мінску і добра ведаю, на якіх хвалях вяшчае “Свабода”. Але слухаць вас немагчыма: замінаюць шум, трэск, сьвіст, верашчаньне. Быццам шалёныя, напаўзаюць іншыя эфіры. Часам не вытрымліваеш такога зьдзеку і вырубаеш прымач. Можа ўся справа ў ім, бо мадэль майго прыймача просьценькая, кішэннага памеру (ЕСВ RS-2011 з Кітаю ці Карэі)? Можа, ва ўсім вінаватыя перашкоды тэхналягічнага кшталту, уласьцівыя ўрбаністычнаму асяродзьдзю? Але ж узьнікае пытаньне, чаму іншыя станцыі прымаюцца больш-менш прыстойна: “Нямецкая Хваля”, напрыклад, ці прапуцінская “Voice of Russia”. Чаму “Свабоду” немагчыма перавесьці ў разрад добра чутных станцый?

Паважаны Генадзь, сапраўды, ваш прыймач, магчыма, занадта просьценькі і разьлічаны на ўпэўнены прыём магутных мясцовых станцыяў – зноў жа ж параю знайсьці стары надзейны "ВЭФ" або "Акіян". Вядома, сваю ролю адыгрываюць і ўрбаністычныя перашкоды радыёпрыёму. Чаму мы ня можам канкураваць зь "Нямецкай Хваляй" або "Голасам Расеі"? Гэта дзяржаўныя радыёстанцыі, так сказаўшы, рупары дзяржаўнай прапаганды, і на іх урады гэтых дзяржаваў не шкадуюць сродкаў, гэта элемэнт дзяржаўнай палітыкі. Радыё Свабода – Радыё Свабодная Эўропа – гэта непрыбытковая некамэрцыйная радыёстанцыя, якую фінансуе Кангрэс Злучаных Штатаў, добра, што яна наагул яшчэ існуе і што нехта гатовы выдзяляць грошы на тое, каб пашыраць свабодную інфармацыю на тыя краіны, дзе са свабодным пашырэньнем інфармацыі ёсьць праблемы. Мы са свайго боку стараемся рабіць усё магчымае, каб палепшыць прыём нашых праграмаў – і вашыя водгукі нам вельмі дапамагаюць у гэтай справе.

Мне даўно хацелася б даведацца, ці глушаць у наш час улады “Свабоду”? І калі не, у чым прычына такой дрэннай якасьці прыёму? Якія захады прадпрымаюцца, каб палепшыць эфір? А яшчэ цікава, як ідзе прыём “Свабоды” у іншых рэгіёнах Беларусі, ці ёсьць скаргі ад слухачоў.

Паважаны Генадзь, пакуль што няма ніякіх сьведчаньняў таго, што нашыя праграмы глушацца. Беларускія ўлады, якія цалкам кантралююць найбольш масавы электронны сродак інфармацыі – тэлевізію, могуць дазволіць існаваньне незалежных мас-мэдыяў, пакуль тыя маюць абмежаваны абсяг дзеяньня – рабіць тут нейкія скандалы было б проста нерэнтабэльна, тым больш, што радыёглушэньне каштуе грошы. Аднак і тут сытуацыя можа зьмяніцца да горшага – варта хоць бы зьвярнуць увагу на кампанію супраць незалежных газэтаў, прыкладам “Народнай Волі”. Захады, каб палепшыць эфір, мы прадпрымаем. Як толькі будуць канкрэтныя навіны – мы адразу пра іх паведамім. Як ідзе прыём Свабоды ў іншых рэгіёнах Беларусі – нам пра гэта таксама вельмі цікава даведацца.

Таму зьвяртаемся да ўсіх нашых слухачоў у розных кутках Беларусі – раскажэце нам пра тое, як нас чуваць. І яшчэ адна просьба да ўсіх слухачоў – паведамце нам, калі ласка, ці прымаюцца ў вашай мясцовасьці ў дыяпазоне FM або на ўльтракароткіх хвалях (я маю на ўвазе два дыяпазоны – гэтак званы савецкі (УКХ) і заходні (FM) – дык вось, ці прымаюцца ў вас у гэтых дыяпазонах радыёстанцыі суседніх дзяржаваў – Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі.

Завяршаючы перадачу, я зноў зьвяртаюся да слухачоў з просьбай – напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрас электроннай пошты - belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і зычым добрага прыёму.

***

Для інтэрнэт-наведнікаў нагадваем, што нас можна слухаць у інтэрнэце і нават праз сатэліт:

Жывы эфір беларускай службы Радыё Свабода ў фармаце Real Audio або Windows MediaПоўны аўдыё-архіў за любы дзень у фармаце Real Audio або Windows MediaУстаноўкі для слуханьня беларускай праграмы Радыё Свабода праз сатэліт:

Спадарожнік HOTBIRD 3 13° на ўсход POLARIZATION: Vertical FREQ: 12.226 GHZ FEC: 3/4 SYMBOL RATE: 27.50 MS/s VIDEO & PCR PID: HB1-8:4260 HB9-28:4360 DATA RATE: 192 kbps ENCODING: MPEG2
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG