Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палепшыць стан дробнага бізнэсу новы ўказ Лукашэнкі?


Галіна Абакунчык, Менск А.Лукашэнка падпісаў указ “Аб некаторых мерах дзеля ўрэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці”, які прадугледжвае аплату падатку на даданую вартасьць паводле адзінай фіксаванай сумы. Зьяўленьне гэтага дакумэнту сталася адказам на зварот групы прадпрымальнікаў да кіраўніка краіны, якія папярэдзілі пра небясьпеку новых масавых хваляваньняў у асяродку гандляроў, зьвязаных з абавязковай выплатай падатку з 1 ліпеня. Ці вырашыць новы дакумэнт праблемы малога бізнэсу? Гэтае пытаньне дробным гандлярам на менскіх рынках задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як гэты дакумэнт паўплывае на працу індывідуальных прадпрымальнікаў?”

(Прадпрымальніца: ) “Нашмат прасьцей адзіная стаўка. Да прыкладу, сказана 75 эўра — значыць, 75 трэба заплаціць. Гэта атрымліваецца адзіны для ўсіх падатак. Раней быў адзіны падатак — гэта трэба было ад сумы, атрыманай за тыдзень, выплачваць. Гэта значыць, што калі прададзена тавару на 2 мільёны, значыць, трэба было заплаціць на 2 мільёны. Калі за адзін — значыць, за адзін. А так, адзіная стаўка, і гэта вельмі добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці спрашчае прэзыдэнцкі ўказ працу індывідуальных прадпрымальнікаў?”

(Прадпрымальнік: ) “Мне ня спросьціць. Канечне, калі яны прыйдуць да нейкага агульнага назоўніка, да нейкай фіксаванай сумы, як некалі прыйшлі да адзінага падатку — то, вядома, нашая праца спросьціцца. Але ж праблема ўсё роўна засталася. Калі мы пачалі весьці нейкі дыялёг з урадам, то прыйшлі да такога меркаваньня, што плаціце адзіны падатак і працуйце спакойна. Пасьля зьвіліся патрабаваньні аб касавых апаратах, затым — падатак на даданую вартасьць, у наступным годзе нешта ізноў зьявіцца, затым яшчэ і яшчэ. Адкуль гэта ўсё бярэцца? Зразумела, што гэта для папаўненьня дзяржбюджэту. Я не адмаўляюся плаціць падаткі. Але рэч такая, што гэта грошы не мае, а вашыя — спажывецкія. Бо калі сёньня вы набылі нешта ў мяне за тры тысячы, то заўтра прыйдзеце і тое ж прыйдзецца набываць за чатыры тысячы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці аблегчыць гэты дакумэнт працу індывідуальных прадпрымальнікаў?”

(Прадпрымальніца: ) “Не, гэта не аблягчае. Для індывідуальнага прадпрымальніка ніякай палёгкі ня будзе. Гэта ізноў лішнія грошы, лішнія дакумэнты, лішнія клопаты. Тым болей, як гэта ўсё робіцца ў нашых падатковых інспэкцыях, то гэта яшчэ і заўсёдныя чэргі, і страта часу. Ня ведаю, ня думаю, каб гэта аблегчыла працу індывідуальных прадпрымальнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Тады які сэнс гэтага дакумэнту, на вашую думку?”

(Прадпрымальніца: ) “Сэнс — папоўніць дзяржаўную скарбонку дадатковымі сродкамі. За нешта ж трэба дзяржаўны апарат утрымліваць, я думаю, што толькі ў гэтым сэнс. А для нас, для дробных прадпрымальнікаў, гэта ўсё няправільна і нядобра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG