Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытні, мытнікі і мыты


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 16 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У наш час асабістае знаёмства падарожнага з любой краінай сьвету, на чым бы ты ні ехаў, пачынаецца з сустрэчы зь мясцовымі мытнікамі. Так узьнікае адчуваньне мяжы. Ці было даўней такое адчуваньне ў падарожнага, што трапляў на тэрыторыю цяперашняй Беларусі?”

(Ніна Здановіч: ) “Пачынаючы з канца 15 стагодзьдзя, калі чалавек рухаўся вялікім гандлёвым шляхам, то так, бо на такім шляху ставіліся дзяржаўныя дамы — каморы або мытні”.

(Ракіцкі: ) “Чаму менавіта напрыканцы 15 стагодзьдзя ўзьнікаюць мытні?”

(Здановіч: ) “На мой погляд, прычынаў некалькі, і яны ўзаемазьвязаныя. Гэта ёсьць сьведчаньнем фармаваньня ўнутранага рынку, які трэба было абараняць, а значыць, ускосна сьведчыла пра фармаваньне цэнтралізаванай дзяржавы. Апошняй мытні давалі сродкі ў скарбніцу, а мясцовых гандляроў бараніла (часткова) ад канкурэнтаў”.

(Ракіцкі: ) “Якім чынам усталёўваўся такі парадак?”

(Здановіч: ) “Працэс, мабыць, быў паступовы. Зь цягам часу мытні зьявіліся на ўсіх галоўных гандлёвых шляхах (у Полацку, Віцебску, Вошы, Магілёве, Горадні, Берасьці, Дуброўне). Сумленны гандляр павінен быў на першай жа каморы заявіць колькасьць тавару, адкуль і куды, зь якой мэтай вязе, заплаціць за яго мыта і атрымаць квіток. У канечным пункце ён ізноў прад’яўляў яго на зьверку”.

(Ракіцкі: ) “Як кантралявала гэты працэс дзяржава, і ці ўсе знаходзіліся ў аднолькавых умовах?”

(Здановіч: ) “Дзяржава ў асобе Гаспадара ўсталёўвала памер мыта зь мясцовых купцоў за ўвоз або вываз тавараў за мяжу і з замежных купцоў за продаж тавару на мясцовых кірмашах ці транзыт празь яе. Прычым, апошнія з 1570 году плацілі падвойны кошт. Улада давала прывілеі і шляхецкаму саслоўю. Гэта было замацавана нават у Статуце ВКЛ 1588 году:

“…шляхце ў тым панстве нашым даём тую вольнасьць... спушчаць, праводзіць і прадаваць добраахвотна з іх уласных гумнаў кожнаму яго работы праўдзівае яго збожжа, а не куплёнае, ад таго не павінна давацца мыта. Таксама і ад падвод шляхецкіх, якія з іх асабістымі рэчамі і збожжам ходзяць, ад якога ўсяго мыта і маставое не павінна брацца”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, шляхецкі стан быў гарантыяй бязмытнага правозу тавараў?”

(Здановіч: ) “Не, шляхціч абавязкова павінен быў мець паперу, што пацьвярджала гэта: пад 1562 год Жыгімонт Аўгуст даў такі “ліст” Аўраму Кунцэвічу на правоз ягонага “тавару ляснога” (дрэва, клёпак і 30 лаштаў попелу) праз ковенскую камору да Гданьску — зьвяртаючыся ня толькі да мытнікаў камораў і прыкаморкаў, але “да князёў, паноў, ваяводаў, старастаў, княгіняў, паньяў, дзяржаўцаў, намесьніка, цівуноў, зямянаў, асабліва дваранаў, пасланым на выбіраньне пабораў” і да гданьскіх купцоў”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, гаспадаром камораў (мытняў) была дзяржава?”

(Здановіч: ) “Па вялікім рахунку — так, але яна магла перадаваць у арэнду мытні прыватным асобам. Звычайна тэрмін арэнды — два-тры гады. Так, у 1562 годзе Жыгімонт Аўгуст аддаў усе каморы ў Жамойцкай зямлі тром берасьцейскім габрэям, а ў 1578 годзе менскі ваявода Сапега ўзяў у арэнду ўсе каморы і прыкаморкі ВКЛ. У гэтым праве арандатарам выдаваўся “ліст” з падрабязным апісаньнем умоваў арэнды”.

(Ракіцкі: ) “У такім выпадку, ці была розьніца падарожнаму ці гандляру, у чыіх руках мытня? І якія абавязкі ўскладаліся на мытнікаў?”

(Здановіч: ) “Пра гэта найлепш засьведчаць дакумэнты:

“А хто здаўна за прывілеямі і лістамі нашымі мыта і маставое на іменьях сваіх бяруць, тыя на асабістыя сродкі свае... на дарогах гаці, масты, грэблі, равы напраўляці павінны. А дзе б хто мастоў, гацяў і грэбляў напраўленых ня меў, а для таго б пераезд быў цяжкі, а каму б на тых месцах шкода стала, таму той жа пан, хто мыта бярэ, вінен будзе шкоду кампэнсаваць і з накладам, што пацярпелы накладзе.

…А старасты, дзяржаўцы і мытнікі нашыя, калі б таксама беручы мыта, дарог на іменьях нашых не напраўлялі, тады шкоду і дадатак таму, хто патрабуе яе, павінны будуць даплаціць”.

Як бачым, не рабілася розьніцы паміж абавязкамі мытнікаў дзяржаўных і арандатарамі, і для падарожнага асаблівай розьніцы не было, калі толькі не было злоўжываньняў. Хаця тэарэтычна яны былі магчымыя і з боку дзяржавы, і з боку арандатара (у выглядзе павелічэньня памеру мыта)”.

(Ракіцкі: ) “Але ж гандляры таксама імкнуліся да сваёй выгоды, прымяняючы хітрыкі?”

(Здановіч: ) “Дакумэнты фіксуюць і злоўжываньні з боку гандляроў. Прыкладам, мытнікі полацкага ваяводзтва ў 1765 годзе скардзіліся на маскоўскіх купцоў, што тыя, праяжджаючы праз Княства транзытам з апячатанымі вазамі, зрываюць гэтыя пячаткі і прадаюць тавары дарогаю, ня маючы на гэта права. Мытнікі просяць, каб мецілі ўсе маскоўскія тавары, каб пазьбегнуць такога.

Яшчэ адзін сродак падману — розьніца ў мерах вагі і даўжыні нават у розных гарадах ВКЛ (вага 1 “каменя” магла адрозьнівацца на 2 кіляграмы)”.

(Ракіцкі: ) “Якія захады рабіла дзяржава дзеля барацьбы з гэтым?”

(Здановіч: ) “Прыкладна, як і цяпер, — вельмі жорсткія. Тады за парушэньні з купцоў замест мыта бралі “прамыта” — гэта значыць, канфіскоўвалі ўвесь тавар”.

(Ракіцкі: ) “А ці можна было пазьбегнуць канфіскацыі — за хабар мытніку?”

(Здановіч: ) “Дзяржава зрабіла так, што браць яго было нявыгадна мытніку, а гандляру ня мела сэнсу яго даваць: у выпадку выкрыцьця кантрабанднага тавару палова сканфіскаванага ішла “ў скарб”, а палова — мытніку”.

(Ракіцкі: ) “І якое выйсьце знаходзілі тыя, хто не хацеў плаціць за тавар?”

(Здановіч: ) “Яны знаходзілі абыходныя шляхі, у аб’езд мытняў. Найбольш непрыемнасьцяў у гэтым пляне рабілі дзяржаве мытні Полацкага ваяводзтва. Адсюль ішлі шляхі ў Ліфляндыю, у Курляндыю, у Прусію (у Рыгу, Крулявец, Гданьск) — самыя папулярныя гандлёвыя гарады, куды траплялі і купцы, што праяжджалі празь Берасьцейскую мытню. Наколькі гэта было актуальна, відаць з таго, што ў 1765 годзе для мытнікаў Полацкага ваяводзтва была напісаная своеасаблівая інструкцыя — пра шляхі, якімі кантрабандай пераяжджалі маскоўскія купцы па тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны. Падрабязна пералічаныя вёскі з указаньнем адлегласьці і стану дарог і мастоў, празь якія праходзяць кантрабандысты. І паўсюдна — і ў Аршанскім павеце, і на Віцебскай мяжы — нязьменна шляхі праходзяць праз адну з “базавых” корчмаў”.

(Ракіцкі: ) “Што ж перавозілі кантрабандысты? Што тады лічылася кантрабандным таварам?”

(Здановіч: ) “У пераліку тавараў, прыкладам, з інструкцыі 1765 году, толькі аднойчы сустракаецца прыпіска — забаронены тавар (медзь і латунь у лістах). А, у прынцыпе, паводле асартымэнту розьніцы паміж “указаным” і кантрабандным таварам няма. Такім яго робіць факт правозу бяз мыта. Маскоўскія купцы папросту вазілі транзытам празь Віцебшчыну футра розных зьвяроў — туды, а адтуль — разнастайнае адзеньне ці дарагія тканіны.

“Кантрабандным” любы тавар можа зрабіцца часова, з абставінаў, што вызначаецца дзяржаўнай забаронай з пэўных прычынаў. Прыкладам, такім таварам стала соль пры Сыгізмундзе II Аўгусьце (на пэўным шляху). Амаль увесь асартымэнт тавараў палачанаў і віцьбічаў пры Аляксею Міхайлавічу (грошы для казны патрэбныя)”.

(Ракіцкі: ) “Як дзяржава змагалася з кантрабандыстамі?”

(Здановіч: ) “Выяўляла шляхі, выстаўляла “стражу” па абыходных шляхах і базавых корчмах. Прыкладам, у Полацкім ваяводзтве найчасьцей фігуруюць карчма “Пустэльнік” на раздарожжы на Друю і Мартынаўская карчма каля Невелю”.

(Ракіцкі: ) “Хто дапамагаў кантрабандыстам?”

(Здановіч: ) “Безумоўна, мясцовыя жыхары. Для мясцовых гэта сродак зарабіць на перавозе (плату бралі з кожнага возу), пакарыстацца з тавару (таньнейшага). Часам у гэтым удзельнічалі і арандатары: так, ля мястэчка Ляды на маскоўскай мяжы менавіта гусінскі арандатар на лодках дапамагаў перавозіць тавар у Гусіна, дзе яго прадавалі, а сам употай прадаваў маскавітам гарэлку кадушкамі”.

(Ракіцкі: ) “Што можна сказаць пра стаўленьне грамадзтва да асобы мытніка?”

(Здановіч: ) “Пра гэта можна меркаваць па выказваньнях у дакумэнтах кшталту: “мытніцкае багацьце зьбірана зь людзкіх сьлёз”, “доўга нельга быць добрым на такой пасадзе”. Верагодна, такія адносіны з боку насельніцтва ёсьць гарантыяй таго, што дапамога кантрабандысту з боку людзей знойдзецца хутчэй, чым дапамога мытніку ў іхным выкрыцьці”.

(Ракіцкі: ) “А жаданьне прадаваць, каб атрымліваць максымальны прыбытак, і ёсьць прычынаю невыкараняльнасьці кантрабандыстаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG