Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў: “Я думаю, што Бог ёсьць, і хацелася б у гэта верыць”


RFE/RL 19 чэрвеня – дзень нараджэньня Васіля Быкава. Сёлета Васілю Быкаву споўніўся б 81 год. Васіль Быкаў адказвае на “анкету Дастаеўскага”. Запіс Аляксандра Лукашука. Друкуецца ўпершыню ў кнізе “Быкаў на Свабодзе”, другое дапоўненае выданьне, якая ў чэрвені выходзіць у Менску.

(Лукашук: ) "Напачатку сьнежня 1993 году я прыехаў зь Мюнхену, дзе тады месьцілася Радыё Свабода, у Менск і запісваў інтэрвію з Васілём Быкавым. Пасьля інтэрвію я папрасіў Васіля Ўладзімеравіча адказаць на пытаньні “анкеты Дастаеўскага” – так называўся апытальнік, які, лічыцца, друкаваўся ў сямейным альбоме Дастаеўскіх. Анкеты – традыцыйны прыём ня толькі журналістыкі, але і літаратуразнаўства. Гэта дастаткова дэмакратычны спосаб пабудаваць нейкае параўнальнае поле для тэмы, працэсу ці асобы.

Звычайна на падобныя апытаньні адказваюць пісьмова, дакладна фармулюючы думку. Але мне патрэбны быў запіс голасу для радыё, і гэтыя адказы цікавыя якраз тым, што яны непасрэдныя і непадрыхтаваныя – і адначасна ляканічныя, глыбокія і зьмястоўныя. Мне здаецца, што важна і тое, што сказаў Быкаў, і тое, што не палічыў патрэбным камэнтаваць".

- Ваша любімае выслоўе?

- Ну, можа і не любімае, але некалі я вынайшаў такі афарызм, гэта асабіста мой, каторы гучыць так: “Шкодна жыць доўга”.

- Што вы цэніце ў людзях?

- Чалавечнасьць.

- А што цэніце ў мужчынах?

- Тое, што й у людзях.

- Што цэніце ў жанчынах?

- Тое, што ў людзях.

- Ці верыце вы ў каханьне зь першага погляду?

- Можа быць, а можа й ня быць. Можа быць зь першага, а можа быць і з другога погляду.

- Ваша стаўленьне да шлюбу?

- Выдатнае, натуральна. Шлюб прадаўжае жыцьцё.

- Ці маеце вы мэту ў гэтым жыцьці?

- Як у старога габрэя: дажыць да суботы.

- Ці ёсьць у вас анёл-ахоўнік?

- Некалькі разоў я меў магчымасьць пераканацца, што ёсьць. Як ён выглядае, як ён завецца – я ня ведаю. Але напэўна ёсьць, таму што іншыя моманты свайго жыцьця я не магу растлумачыць, як толькі ўмяшаньнем, пакравіцельствам іменна анёла-ахоўніка.

- Вашыя адносіны да Бога?

- Я думаю, што Бог ёсьць, і хацелася б у гэта верыць.

- ЦІ здараліся з вамі цуды?

- Так, здараліся.

- Ваш любімы ўспамін?

- Цяжка мне тут знайсьці любімы ўспамін… Памяць больш падсоўвае ўспаміны, якія даволі нелюбімыя.

- Галоўная рыса вашага характару?

- Ну, гэта павінен вызначаць ня я. Можа быць, мая жонка лепш вызначыць.

- Што б вы хацелі памяняць у сябе?

- Вельмі шмат што хацеў бы зьмяніць, вельмі шмат. Куды менш я хацеў бы пакінуць тое, што мяне задавальняе. Больш хацеў бы зьмяніць.

- Кім бы вы хацелі стаць, каб ня сталі..?

- Некалі, яшчэ ў школьныя гады, можа быць, у пятым ці шостым клясе я вельмі хацеў стаць капітанам рачнога парахода. Так я сябе ўяўляў прыгожа на мосьціку, каля штурвалу, паміж цудоўнымі берагамі, на якіх квітнеюць кветкі, ходзяць людзі, і я плыву па рацэ... З таго часу ўсё перамяшалася. У тым ліку і мае жаданьні.

- Што такое лёс?

- Гэта я ня ведаю. Я ня ўпэўнены, што існуе лёс, таму што каб існаваў лёс, дык некаторыя дробязі жыцьця не ўплывалі б так на тое самае канкрэтнае жыцьцё чалавека. Бо калі мы паглядзім і на сваё жыцьцё, і на жыцьцё сваіх блізкіх, то мы бачым, як яно крута, гэтае жыцьцё, мяняецца пад узьдзеяньнем ну нейкай абсалютнай драбязы! Скажам, ён і яна, ну і ёсьць вядомыя ў гісторыі выпадкі, любілі адно аднаго, дамовіліся сустрэцца на вакзале а такой-та гадзіне ў такі-та дзень, каб зьвязаць сваё жыцьцё, але пасьля нешта такое атрымалася, што яны не сустрэліся, і іх жыцьцё разышлося назаўжды. Як так, няўжо гэта непаразуменьне ў часе, у хвіліне – магло ўсё зьмяніць?

- Ці былі ў вас падарункі лёсу?

- Былі некаторыя. Былі, праўда. Мала, але было.

- Што такое шчасьце?

- Шчасьце, мне думаецца, тое, што такім уяўляецца, хоць зусім не абавязкова яму быць сапраўдным шчасьцем. Але калі чалавеку здаецца, што гэта яго шчасьце – то, значыць, яно для гэтага чалавека і зьяўляецца вось іменна тым, чым яму ўяўляецца.

- Тое, шо вы зрабілі – ці застанецца?

- Наўрад ці.

- Якая гістарычная падзея паўплывала на вас як асабістае здарэньне?

- Ну, тут колькі заўгодна. На нас уплывае ўсё. І вайна, і мір, і скажам, 20-ты, 22-гі зьезд, і пачатак перабудовы, і крушэньне СССР, і стварэньне Беларусі – усё гэта, канечне, на кожнага з нас, у тым ліку і на мяне, ўплывае як асабістая зьява.

- У якую гістарычную эпоху вы хацелі б жыць?

- Можа быць, у якой-небудзь з будучых, хаця я ня ўпэўнены ў гэтым, што там будзе тое, што мне хацелася б.

- Як вы ацэньваеце наш час?

- Вельмі кепска. Я лічу, што вельмі правільна ацаніў некалі Бунін, назваўшы адзін свой твор дзёньнікавы “Окоянные дни”. Ну, для Буніна гэта былі “окоянные дни”, а для нас, здаецца, наступае тое, што можам назваць “окоянные годы”.

- Вашыя адносіны да сьмерці?

- Сьмерць – натуральная зьява, таму, я думаю, што і адносіны да яе павінны быць таксама натуральныя.

- Якой сьмерцю вы хацелі б памерці?

- Раптоўнай.

- Ці былі ў вашым жыцьці людзі, які зрабілі на вас вялікі ўплыў?

- Былі, натуральна.

- Ці маеце вы сябра на ўсё жыцьцё?

- Хацелася б, каб быў на ўсё жыцьцё…

Гл.таксама • 19 чэрвеня 2004 году – 80 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава - кніга і артыкулы пра Васіля Быкава.
XS
SM
MD
LG