Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква: у Чачні з 1999 году зьніклі дзясяткі тысяч мірных жыхароў


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Галоўны прадстаўнік у правах чалавека ў прамаскоўскай адміністрацыі Чачэніі Нурдзі Нухажыеў заявіў, што дзясяткі тысячаў цывільных грамадзянаў зьніклі ў рэспубліцы ад 1999 году. Паводле ягоных словаў, шмат абвінавачаньняў з боку міжнародных праваабарончых арганізацыяў на адрас расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку і ў тым, што яны накіроўвалі зброю супраць цывільных грамадзянаў, аказаліся праўдай. Нурдзі Нухажыеў прызнаў, што няма ніводнай чачэнскай сям’і, якая б не пацярпела ад першай ці другой чачэнскіх войнаў.

Нічога новага ў словах Нурдзі Нухажыева няма. Такія абвінавачаньні гучалі шмат разоў з боку кожнай праваабарончай арганізацыі, якая калі-небудзь працавала ў Чачэніі, але ў выніку ігнараваліся ўладамі. Навіна ў тым, што гэтым разам такія факты гучаць ад высокапастаўленага прадстаўніка прамаскоўскай адміністрацыі.

Нухажыеў у прамаскоўскім урадзе займае пасаду старшыні камітэту ў правах чалавека. У часе паседжаньня Дзяржаўнай рады Чачэніі, ён прызнаў, што каля 60 тысячаў чалавек страцілі сваякоў ці сяброў, якія зьніклі ад пачатку другой Чачэнскай вайны ў 1999 годзе.

Ён пайшоў нават далей, заявіўшы, што чачэнскія ўлады ведалі пра існаваньне 52 масавых пахаваньняў, дзе, паводле словаў Нухаджыева, трэба правесьці адпаведную эксгумацыю, а вайскоўцы павінны адказаць за гэта.

У інтэрвію кампаніі Бі-Бі-Сі Нурдзі Нухажыеў завявіў.

(Нухажыеў: ) “Калі праводзяцца такія мерапрыемствы, дык, натуральна, адказвае той, хто выкарыстоўвае сілу і пры гэтым парушае ўсе магчымыя правы чалавека, канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі, міжнародныя дамоўленасьці ў прыватнасьці ў межах супрацоўніцтва Рады Эўропы і Расеі. Многія з гэтых рэчаў непасрэдныя выканаўцы не бяруць у разьлік і таму такія цяжкія наступствы”.

Алег Арлоў, праваабаронца з арганізацыі “Мэмарыял”, у размове з нашым радыё вітаў шчырасьць Нурдзі Нухажыева, аднак заявіў, што ня верыць у тое, што афіцыйнае прызнаньне факту існаваньня масавых пахаваньняў скончыцца пакараньнем вінаватых. Масква амаль заўсёды адкідала абвінавачаньні праваабарончых арганізацыяў у тым, што расейскія вайскоўцы ўжывалі зброю супраць мірных грамадзянаў цягам дзьвюх чачэнскіх войнаў.

Нурдзі Нухажыеў, аднак, ясна сказаў, што значная частка гэтых абвінавачаньняў праўдзівыя. Ён адзначыў, што пакуль ня можа падаць дакладную колькасьць людзей, пахаваных у агульных магілах, але, як падкрэсьліў Нухажыеў, шмат зь гэта цывільныя грамадзяне – ахвяры бамбардзіровак ці гэтак званых “зачыстак”, якія праводзілі расейскія фэдэральныя сілы.

Паводле Нурдзі Нухажыева, цяпер трэба стварыць незалежную камісію, якая б расьсьледавала ўсе гэтыя выпадкі. Цяпер чачэнская адміністрацыя стварае базу дадзеных, куды будуць унесеныя ўсе, хто пацярпеў ці загінуў у часе войнаў.
XS
SM
MD
LG