Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на спробы міліцыі сарваць сход, у лесе ў кансьпіратыўных умовах былі абраныя дэлегаты на Кангрэс дэмсілаў


RFE/RL Сёньня а 18-й гадзіне ў Сьветлагорску меўся пачацца першы сход для вылучэньня дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў, але за гадзіну да пачатку адказныя за правядзеньне сходу кіраўнік Гомельскай філіі Партыі БНФ Віктар Раманішка і кіраўнік Сьветлагорскай гарадзкой філіі Партыі БНФ Вадзім Болбаш былі затрыманыя міліцыяй, калі яны выходзілі з дому. Таксама была спроба затрымаць карэспандэнта Радыё Свабода.

Непасрэдна апэрацыяй па затрыманьні камандаваў маёр міліцыі Аляксандар Зазетка. Пасьля тэлефанаваньня да вышэйшага міліцэйскага начальства маёр міліцыі вырашыў не затрымліваць карэспандэнта Радыё Свабода, але актывісты БНФ былі ўсё ж затрыманыя на тры гадзіны. Затрыманьне арганізатараў паставіла пад рызыку правядзеньне сходу.

Нягледзячы на перашкоды з боку міліцыі сход усё ж адбыўся, хаця ён пачаўся са спазьненьнем на дзьве гадзіны, і не ў будынку, а на адкрытым паветры: у лесе, на беразе ракі Бярэзіны. Прычым месца правядзеньне прыходзілася зьмяняць двойчы.

У якасьці кандыдатаў на Кангрэс былі прапанаваныя пяць кандыдатур. Зь іх у выніку галасаваньня былі прызначаныя два дэлегаты, якія паедуць на Кангрэс дэмакратычных сілаў у Менск. Імёны дэлегатаў пакуль не называюцца дзеля таго, каб яны ня апынуліся пад прэсінгам уладаў. Вядома толькі, што адзін зь іх зьяўляецца актывістам Аб''яднанай грамадзянскай партыі, а другі – прадстаўніком прыватных прадпрымальнікаў.

На Сьветлагорскі сход прыехалі шмат вядомых палітыкаў зь Менску. Сярод іх Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карніенка, Сяргей Калякін, Аляксандр Дабравольскі, Вінцук Вячорка.

Станіслаў Шушкевіч сказаў Радыё Свабода, што ён стаў "маланкадводам" для міліцыі, адцягнуўшы іхную ўвагу, калі ўдзельнікі перамясьціліся ў іншае месца.

Гаворыць адзін з арганізатараў сходу прадстаўнік БНФ Тэльман Масьлякоў, старшыня сходу:

(Масьлякоў: ) "Паколькі ў нас адбыўся першы такі сход у Беларусі, улады былі моцна перапалоханыя. Па інфармацыі, якая паступіла да мяне з райвыканкаму, мясцовыя ўлады атрымалі ад вышэйшых органаў папярэджаньне, што калі гэты сход адбудзецца, то літаральна кажучы, іхныя галовы могуць паляцець.

Міліцыя абкружыла ўсе магчымыя месцы правядзеньня сходу, і мікрааўтобус з прадстаўнікамі КДБ стаяў літаральна ў 50 мэтрах ад таго месца, дзе мы зьбіраліся, але дзякуючы таму, што ўдзельнікі сходу разьбіліся на дробныя групы, супрацоўнікі КДБ іх не заўважылі. Урэшце рэшт усе арганізавана сабраліся ў трэцім па ліку месцы правядзеньня сходу і правялі сход.

На мой погляд, сход прайшоў у поўнай адпаведнасьці з працэдурай, у прысутнасьці прадстаўнікоў прэсы і назіральнікаў."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG