Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры “Белэкспа” дэманструюць макеты рэканструкцыі гістарычнага Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Таксама сёньня спаўняецца год ад часу, калі пачалося будаўніцтва на вуліцы Няміга шматпавярховага паркінгу. Будаўніцтва выклікала шматлікія пратэсты з боку гісторыкаў і грамадзкіх арганізацыяў, напрыклад, Таварыства аховы помнікаў. Некаторыя спэцыялісты называюць праводжаную цяпер рэканструкцыю гістарычнага Менску злачынствам.

Сутнасьць канфлікту паміж грамадзкімі дзеячамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі, якія кіруюць рэканструкцыяй гістарычнай часткі сталіцы, тлумачыць Уладзімер Папруга – ён да нядаўняга часу займаў пасаду галоўнага дзяржаўнага інспэктара па ахове гістарычна-культурнай спадчыны:

(Папруга: ) “Мы ня маем права ацэньваць гэтыя макеты і гэтыя прапановы ў прынцыпе. Бо ніводзін з творчых калектываў, якія займаліся распрацоўкай гэтых работ, ня ўлічваў наяўнасьці гістарычна-культурнай каштоўнасьці Менску. Яны ня мелі паняцьця... Ня мелі неабходнага гістарычнага матэрыялу для таго, каб прымаць рашэньні адносна гэтай тэрыторыі”.

Уладзімер Папруга перакананы, што ў Менску ніколі не праводзілася комплекснае навуковае дасьледаваньне. Маючы на ўвазе будаўніцтва паркінгу на вуліцы Няміга, Уладзімер Папруга кажа пра мінімальны нагляд археолягаў за працай будаўнікоў:

(Папруга: ) “Машыны вывозілі папросту культурны пласт у Шабаны на сьметнік ці куды... Трэба было проста бачыць – гэта адкрытая рана. Тыя работы, якія мы назіраем на тэрыторыі ўсёй гістарычна-культурнай каштоўнасьці, на маё асабістае перакананьне, ня тое што юрыдычна неабгрунтаваныя. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі – гэта проста злачынства”.

Ужо вядома, як будзе зьмяняцца гістарычны цэнтар Менску найбліжэйшымі гадамі. Плян і макет, які сёньня ўпершыню выставяць на агляд публікі, зацьверджаны. Перамог праект унітарнага прадпрыемства “Менскпраект”. Кіраўнік праекту – Уладзімер Бубноўскі. Дарэчы, на адрас Уладзімера Бубноўскага як начальніка дэпартамэнту аховы гістарычна-культурнай спадчыны было шмат нараканьняў з боку Таварыства аховы помнікаў ды іншых прадстаўнікоў грамадзкасьці. Менавіта за подпісам Уладзімера Бубноўскага быў атрыманы дазвол на знос старых пабудоваў па вуліцы Дзімітрава, у прыватнсьці старой сынагогі. Сам Уладзімер Бубноўскі так тлумачыць неабходнасьць хуткіх зьменаў у старым Менску:

(Бубноўскі: ) “Калі мы за дастаткова кароткі час ня зробім праектных рашэньняў, ня выведзем гістарычныя кварталы гораду ў аб’ект, прывабны для турыстаў, ужо вельмі хутка яны будуць нікому не патрэбныя. І гадоў празь пяць ніхто не ўкладзе сюды ані капейкі ні пры якіх абставінах”.

Распрацоўкі “Менскпраекту” пад кіраўніцтвам спадара Бубноўскга пачалі ўжо рэалізоўвацца. Так, на падмурках першага гарадзкога тэатру на скрыжаваньні вуліц Леніна і Інтэрнацыянальнай будуецца новы гатэль, стылізаваны пад гатэль “Эўропа”, што мясьціўся перад ІІ усясьветнай вайной недалёка ад цяперашняга скрыжаваньня. Таксама ў плянах сярод іншага пабудова забаўляльнага цэнтру на месцы аўтастаянкі пасярод Верхняга гораду каля Музычнага завулку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG