Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы віток скандалу вакол Саюзу палякаў Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня Тадэвуш Кручкоўскі выключаны са складу арганізацыі. Выдаленьне з шэрагаў Саюзу палякаў Беларусі яго былога старшыні Тадэвуша Кручкоўскага стварыла новую сытуацыю ў канфлікце вакол СПБ. Улады ня могуць па-ранейшаму лічыць кіраўніком Саюзу менавіта яго, не прызнаючы новае кіраўніцтва, якое было абрана на апошнім зьезьдзе. У гэтай сытуацыі некаторыя чыноўнікі мяркуюць, што Анжаліка Борыс — новая старшыня СПБ — досыць талерантная і кампрамісная постаць.

Тадэвуш Кручкоўскі сёньня не адказвае на званкі, і даведацца — што ён думае наконт уласнага выключэньня з Саюзу палякаў — не атрымалася. А прадстаўнік СПБ Андрэй Пачобут так пракамэнтаваў рашэньне праўленьня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Саюзу:

(Пачобут:) “Гэтае рашэньне па сутнасьці падсумоўвае, дае ацэнку дзейнасьці Кручкоўскага і яго групы. Арганізацыя ацаніла, што гэтая дзейнасьць мае антыпольскі характар, а па-другое, яна скіравана на зьнішчэньне Саюзу палякаў. Цяпер паўстае такое пытаньне: як ня сябра арганізацыі можа ўзначальваць арганізацыю? Гэта немагчыма. Таму ўзначальваць арганізацыю Кручкоўскі больш ня можа і ня можа ніякі зьезд арганізоўваць. Гэта калі казаць пра юрыдычнае значэньне гэтага рашэньня”.

Спадар Пачобут зазначае, што падзея сьведчыць таксама пра тое, што ў Кручкоўскага ў арганізацыі сёньня няма аўтарытэту і падтрымкі. Ніхто з сяброў праўленьня ня стаў на яго абарону. Дарэчы, праўленьне працуе ў старым складзе, абраным яшчэ да апошняга зьезду, які не прызнаюць улады.

У мін''юсьце я ня змог атрымаць камэнтар наконт выключэньня Тадэвуша Кручкоўскага з Саюзу палякаў. А вось у Камітэце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў наконт гэтага яшчэ ня чулі, і пазыцыя застаецца ранейшай. Гаворыць намесьнік старшыні дзяржкамітэту Уладзімер Ламека:

(Ламека: ) “Нашая задача прымірыць бакі. І ў гэтай сытуацыі, відаць, найлепш было б можа аднаму і другому боку сысьці і выбраць каго-небудзь нэўтральнага, калі сапраўды Борыс была нелегітымна выбрана. Але гэта справы мінюсту і органаў адпаведных, а не камітэту”.

Спадар Ламека так ацэньвае былое і цяперашняе кіраўніцтва СПБ:

(Ламека: ) “Я ня супраць быў бы працаваць з той жа Анжалікай Борыс, дарэчы, калі б там усё нармальна было на зьезьдзе. Якраз яна адна можа з усіх, хто найбольш сябе прыстойна паводзіла на зьезьдзе. І мне падалося, гэта той чалавек, які можа спакойна пагаварыць, умее дзяржаву слухаць, і мы яе маглі б слухаць. Таму што папярэднікі былі адпаведныя, яны толькі ўсё бачылі дрэннае і зь імі было канструктыўна цяжка дамаўляцца”.

***

Нагадаем, месяц таму Міністэрства юстыцыі РБ прызнала несапраўднымі вынікі апошняга — 6-га зьезду Грамадзкага аб’яднаньня “Саюзу палякаў Беларусі”, які адбыўся ў Горадні 12-13 сакавіка. Паводле рашэньня мінюсту, кіраўніком СПБ застаецца былы старшыня Тадэвуш Кручкоўскі, які павінен арганізаваць новы зьезд Саюзу палякаў. Учора Кручкоўскага выключыла з шэрагаў СПБ праўленьне Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG