Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У польскім горадзе Ўроцлаве пачала навучаньне трэцяя кляса ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю.


RFE/RL 26 ліцэістаў і некалькі настаўнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа маюць штодзённа 4 гадзіны лекцыяў па-беларуску і дзьве гадзіны па-польску. Заняткі адбываюцца ў будынку ўроцлаўскага ліцэю №9, а жывуць беларускія ліцэісты ў дамах сваіх раўналетак – ліцэістаў з Уроцлава.

Прыезд беларусаў ва Ўроцлаў стаў магчымым дзякуючы дапамозе Міністэрства замежных справаў Польшчы і мясцовых уладаў, а навучаньне арганізавалі супрацоўнікі Калегіюму Ўсходняй Эўропы – грамадзкай арганізацыі, якая паўстала на ініцыятыву Яна Новака-Езяраньскага, памерлага сёлета шматгадовага дырэктара польскай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа.

Вось што сказаў Свабодзе кіраўнік Калегіюму Анджэй Дамброўскі:

(Дамброўскі: ) “Мы лічым гэта маральным абавязкам - дапамагчы нашым сябрам з Усходу. Калі гэтая моладзь, дарэчы, падкрэсьлю, цудоўная моладзь, ня мае магчымасьцяў нармальна вучыцца на сваёй мове на радзіме, дык мы пастараліся стварыць тут, ва Ўроцлаве, хаця б нейкае падабенства гэтай нармальнасьці і маю надзею, што ў нас гэта атрымалася”.

Спадар Дамброўскі кажа, што ў Польшчы шмат людзей шчыра хочуць дапамагчы ліцэістам, бо ў польскай гісторыі былі пэрыяды, калі акупацыйныя ўлады не дазвалялі палякам вучыцца па-польску.

Самі ліцэісты цешацца хаця б з той прычыны, што пасьля доўгіх месяцаў заняткаў у маленькіх памяшканьнях могуць вучыцца ў звычайнай аўдыторыі. Навучэнцы ліцэю застануцца ва Ўроцлаве да 18 чэрвеня, а потым, у ліпені і жніўні, працягнуць навучаньне ў Варшаве, Кракаве і Гданьску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG