Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор папрасіў пасадзіць Андрэя Клімава на 3 гады ў калёнію строгага рэжыму (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі строгага рэжыму — такое пакараньне Андрэю Клімаву папрасіў дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Пазьняк у Цэнтральным судзе Менску. Апазыцыйнага палітыка абвінавачваюць у арганізацыі акцыі 25 сакавіка, у часе якой нібыта адбываліся масавыя беспарадкі.

Прамова Вадзіма Пазьняка доўжылася 15 хвілінаў. Адзіным доказам віны Андрэя Клімава было названа ягонае ўласнае прызнаньне ў тым, што ён намагаўся арганізаваць акцыю 25 сакавіка, якая, нават паводле словаў самога Пазьняка, не адбылася. Праваабаронца Людміла Гразнова прысутнічала на судовым працэсе. Яна лічыць, што пазыцыя пракуратуры сьведчыць пра тое, што ўлады баяцца грамадзкіх вулічных выступаў.

(Гразнова: ) “Мяркую, што гэта зноў палітычны заказ. Гэта яшчэ адна спроба ізаляваць самых актыўных апазыцыянэраў. Якія здольныя вывесьці людзей на вуліцы. Магчыма, заўтра судзьдзя дасьць больш мяккі прысуд. Тое, што казаў пракурор, гэта словы самой дзяржавы. Яна цяпер больш за ўсё баіцца вуліцы. Але тут нельга рабіць ніякіх прагнозаў. Усё можа выбухнуць без усялякіх палітычных апазыцыйных дзеяньняў. Людзі могуць выйсьці з-за таго, што ня могуць больш цярпець”.

Сёньня ў судзе былі прагледжаныя ўсе відэазапісы, зробленыя супрацоўнікамі міліцыі і спэцслужбамі. Жонка Андрэя Клімава Тацяна Леановіч, якая выступае абаронцай мужа у судзе, сказала “Свабодзе”, што прагляд відэа вельмі яе ўразіў. Паводле яе, было відаць, што амонаўцы жорстка выціснулі людзей з праспэкту Скарыны і вуліцы Леніна, і ніякай акцыі насамрэч не адбылося.

Тацяна Леановіч абураная, што мужа абвінавачваюць у арганізацыі акцыі, якая не адбылася, і абыходзяцца зь ім як зь небясьпечным злачынцам.

(Леановіч: ) “Я ўпершыню ўбачыла ўсё гэта з розных ракурсаў, якія зрабілі спэцслужбы. Зь відэастужкі відаць, што рух людзей па праспэкце Скарыны і вуліцы Леніна арганізавалі супрацоўнікі АМОНу. Яны выціскалі людзей па вызначаным маршруце. Гэта нельга назваць дэманстрацыяй. Абсурдным гучыць тое, што Клімаў каардынаваў дзеяньні АМОНу ў стварэньні гэтага народнага руху па цэнтральных вуліцах і магістралях Менску”.

Дзяржаўны абвінаваўца паведаміў, што амністыя, якая была прынятая 6 траўня, на Клімава не распаўсюджваецца. Нагадаем, што Вадзім Пазьняк выступаў у якасьці дзяржаўнага абвінаваўцы ў справах Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, якія атрымалі 3 гады “хіміі” кожны, але згодна з амністыяй тэрмін пакараньня зьменшыўся да 2 гадоў.

Сталая нарада дэмакратычных сілаў зьбіраецца ініцыяваць забарону на ўезд у краіны Эўразьвязу Вадзіму Пазьняку як суўдзельніку ў судовых рэпрэсіях супраць апанэнтаў рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG