Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні (і ночы) Віцебска ў Франкфурце-на-Одэры


Алена Струвэ, Менск 8-га і 9-га чэрвеня жыхары нямецкага Франкфурта-на-Одэры згадваюць Віцебск і Беларусь. Штогадовая імпрэза, прысьвечаная гарадам і краінам Усходняй Эўропы стартавала сёньня ў галоўным корпусе ўнівэрсытэту Віядрына.

“Белыя ночы на Одэры” – так называецца традыцыйнае сьвята выкладчыкаў і студэнтаў франкфурцкага эўрапейскага ўнівэрсытэту Віядрына. Праходзіць яно ў самыя доўгія дні і самыя кароткія ночы году і доўжыцца дзесьці каля 48 гадзінаў.

Сёлетнія “Белыя ночы” ўпершыню прысьвечаныя Беларусі. Урачыстае адкрыцьцё адбылося ў сэнацкай залі франкфурцкага ўнівэрсытэту. Удзел у дыскусіях, прысьвечаных пэрспэктывам разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі сёлета бяруць вядомыя экспэрты ў галіне Усходняй Эўропы, студэнты розных унівэрсытэтаў і ўсе зацікаўленыя жыхары гораду.

У праграме імпрэзы таксама фільмы беларускага рэжысэра Валера Асьлюка, фота- і кніжная выставы пра Беларусь. Адна з экспазыцыяў называецца “Шлях да перамогі”. У ёй прадстаўленыя гістарычныя фатаграфіі часоў гітлераўскай акупацыі Беларусі і вызваленьня гэтае зямлі фашызму.

На заўтра заплянаваныя лекцыі па гісторыі і культуры Віцебска пры ўдзеле прафэсуры Нямеччыны, Беларусі і Расеі. Позна ўвечары на імправізаваных вулічных сцэнах будуць граць і сьпяваць беларускія і нямецкія музыкі.

Для нямецкага студэнта Пэтэра, які навучаецца ў Віядрыне, гэта ўжо трэція “Белыя ночы на Одэры”. Мінулагоднія былі прысьвечаныя Ўкраіне, пазамінулыя – Пецярбургу.

(Пэтэр: ) “Прыемна, што на адкрыцьцё сьвята прыйшло шмат людзей: з розных нямецкіх унівэрсытэтаў, грамадзкіх арганізацыяў, палітыкі, навукоўцы, экспэрты, студэнцкая моладзь. Усіх цікавіць будучыня гэтае краіны, а таксама ЭГУ – ўнівэрсытэту, які быў летась зачынены беларускімі ўладамі”.

Нагадаем, што летась пасьля закрыцьця беларускімі ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту франкфурцкая Віядрына прыняла да сябе на вучобу 37 былых студэнтаў ЭГУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG