Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзясятка” распачне перамовы з прадстаўнікамі Лявонава і Казуліна


Алесь Дашчынскі, Менск 8 чэрвеня на паседжаньні “дзясяткі” разглядаліся прапановы, якія даслалі адзін зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў Аляксандар Казулін і старшыня апякунскай рады фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў.

Дзясятка”, у якую ўваходзяць група апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзянскіх ініцытываў, азнаёмілася з прапановамі Аляксандра Казуліна і Васіля Лявонава і вырашыла стварыць адмысловую рабочую групу, якая іх дэталёва прааналізуе і выпрацуе супольны падыход. Гэтая рабочая група, чакаецца, зьбярэцца ў пятніцу, а цягам наступнага тыдня “дзясятка” распачне перамоўны працэс з прадстаўнікамі Лявонава і Казуліна.

Прапановы абодвух палітыкаў – гэта розныя дакумэнты. Але яны датычныя ня толькі працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата, але і агульнай стратэгіі апазыцыі. Тлумачыць паплечнік Аляксандра Казуліна – актывіст беларускага сацыял-дэмакратычнага руху Аляксей Кароль.

(Кароль: ) “Сутнасьць нашых прапановаў у тым, што лідэраў не выбіраюць і не прызначаюць тым больш, а лідэрамі становяцца падчас працы зь людзьмі. Гэта наш першы пункт зь дзевяці. Актыўная праца ўсіх дэмакратычных сілаў, найперш, мабілізацыйная, агітацыйная. І крытэрам гэтай працы можа быць рэйтынг. У кангрэсе дэмакратычных сілаў мы можам удзельнічаць, не выключаем, але мы лічым, што ён мусіць быць пазьней – напрыканцы году ці пачатку наступнага. Шырокая кааліцыя можа грунтавацца на сумесных справах – абмеркаваць гэтыя сумесныя справы, а ёй можа быць, скажам, і збор подпісаў пад пэўнымі пытаньнямі і масавая праца сярод насельніцтва”.

Прапановы Васіля Лявонава тычацца кангрэса дэмакратычных сілаў, які не павінен прэзэнтаваць толькі вузкапартыйныя інтарэсы. Замест мэханізма вылучэньня адзінага кандыдата спадар Лявонаў прапануе вылучыць і сфармаваць на кангрэсе дзьве каманды па пяцёрцы лідэраў, якія прэтэндуюць на зьмену палітычнай сыстэмы і ўлады ў краіне. Асобныя прапановы тычацца вылучэньня дэлегатаў на кангрэс, якое магчыма праводзіць праз збор подпісаў.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, “дзясятка” мусіць прыхільна паставіцца да прапановаў Аляксандра Казуліна і Васіля Лявонава і калі там ёсьць нешта важнае і карыснае, то магчыма ўносіць карэктывы ў цяперашні працэс. Спадар Лябедзька лічыць, што, да прыкладу, парадак дня будучага кангрэсу дэмакратычных сілаў не павінен быць вузкім і закранаць толькі пытаньне вылучэньня адзінага кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG