Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Існаваньне вязьніцы [ў Гуантанама] ўплывае на ўзмацненьне антыамэрыканскіх настрояў"


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр падтрымаў шматлікія праваабарончыя арганізацыі, якія заклікаюць амэрыканскі ўрад закрыць вязьніцу, што знаходзіцца на базе Гуантанама на Кубе, дзе ўтрымліваюцца каля 500 палонных, у асноўным з Аўганістану. Пэнтагон, аднак, заяўляе, што існаваньне вязьніцы ўсё яшчэ служыць барацьбе з тэрарызмам.

Вязьніцу ў Гуантанама называюць “ГУЛАГам нашых часоў”, “прапагандысцкім падарункам для ворагаў ЗША”, які шкодзіць іміджу краіны. Праваабаронцы абвінавачваюць амэрыканскія ўлады ў тым, што вязьні ў Гуантанама ўтрымліваюцца без суду.

Прынамсі 14 чалавек загінулі ў мінулым месяцы ў часе антыамэрыканскіх дэманстрацыяў у Аўганістане. Пратэсты выбухнулі пасьля таго, як у часопісе “Newsweek” зьявілася інфармацыя аб выпадках “неадпаведнага” абыходжаньня ў Гуантанама з Каранам, у тым ліку і аб тым, што сьвятую кнігу мусульманаў змывалі ў каналізацыю.

Апошняе, найбольш сур’ёзнае абвінавачаньне, пасьля сьледзтва, было прызнанае беспадстаўным. Але амэрыканскае камандаваньне пацьвердзіла, што пяць выпадкаў “неадпаведнага абыходжаньня“ з Каранам усё ж мелі месца.

Гэтая інфармацыя ізноў падштурхнула да пратэстаў мусульманаў з розных краінаў сьвету.

Праціўнікі існаваньня базы кажуць, што існаваньне вязьніцы ў Гуантанама пярэчыць фундамэнтальным ідэям амэрыканскага правасудзьдзя і вяршынства закону і таму павінна быць неадкладна закрытая.

У панядзелак былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр заявіў, што закрыцьцё базы прадэманструе, як важная для Вашынгтону пашана да правоў чалавека. У сваю чаргу амэрыканскі сэнатар з камітэту замежных справаў Сэнату Джозэф Бідэн заклікаў стварыць незалежную камісію, каб расьсьледаваць сытуацыю ў Гуантанама. Бідэн сказаў, што ад вязьніцы больш шкоды, чым дабра.

(Бідэн: ) “Па-мойму трэба ўрэшце закрыць гэтую вязьніцу і перавесьці вязьняў у іншае месца, выпусьціўшы тых, каго можна выпусьціць. Справа ў тым, што існаваньне вязьніцы ўплывае на ўзмацненьне антыамэрыканскіх настрояў у сьвеце і ў выніку больш амэрыканцаў знаходзяцца ў небясьпецы калі вязьніца ёсьць, чым калі б яе не было”.

Да закрыцьця вязьніцы заклікаюць аўтарытэтныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку Amnesty International і ўплывовыя амэрыканскія мэдыі ў рэдакцыйных камэнтарах – напярэдадні гэта зрабіла газэта “The New York times”.

Урад ЗША, аднак, моцна абараняе неабходнасьць існаваньня вязьніцы ў Гуантанама. Супраць закрыцьця выказаліся прэзыдэнт Джордж Буш, віцэ-прэзыдэнт Дзік Чэйні і міністар абароны Доналд Рамсфэлд.

У панядзелак прадстаўнік Пэнтагону Брайан Уітман заявіў, што ягоная ўстанова ня мае плянаў закрыцьця вязьніцы ў Гуантанама.

“Там знаходзяцца шмат вельмі і вельмі небясьпечных людзей і калі іх выпусьціць дык гэтыя людзі ізноў будуць падрыхтоўваць тэрарыстычныя замахі”, – заявіў Уітман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG