Лінкі ўнівэрсальнага доступу

IV Міжнародны кангрэс беларусістаў. Анатоль Грыцкевіч: "Няма таго ўзьнёслага настрою, які быў на папярэдніх форумах"


Віталь Цыганкоў, Прага Учора ў Менску пачаў сваю працу IV Міжнародны кангрэс беларусістаў. Як паведамляла нашая карэспандэнтка, у параўнаньні з папярэднімі кангрэс стаў самым сьціплым. Гэта тычыцца міжнароднага прадстаўніцтва, а таксама зьместу заяўленай праграмы. Мы пагутарылі з удзельнікам Міжнароднага кангрэсу беларусістаў доктарам гістарычных навук, прафэсарам Анатолем Грыцкевічам.

(Карэспандэнт: ) "Анатоль Пятровіч, якія ў Вас уражаньні ад першага дня кангрэсу? Зразумела, што сытуацыя для беларусазнаўства ў краіне ня надта спрыяльная. Ці адчувалася гэта ў ходзе кангрэсу, у кулюарах?"

(Анатоль Грыцкевіч: ) "Зразумела, адчувалася. Няма таго ўзьнёслага настрою, які быў на папярэдніх кангрэсах. Не прыехала шмат удзельнікаў, у тым ліку з ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Баўгарыі, нават Польшчы, некаторыя з Расеі. Праўда, наколькі я ведаю, некаторых і не запрашалі. Мяне зьдзівіла, што не прыехаў ганаровы сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў зь Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч, у яго быў даклад, хіба, на такую тэму - "Стан беларускай гістарычнай навукі цяпер". Відаць, ня вельмі бясьпечны, таму арганізатары яго не запрасілі".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Анатоль, а былі агучаныя нейкія прычыны, чаму гэтыя людзі не прыехалі на кангрэс?"

(Грыцкевіч: ) "Ну, агучана не было. Чалавека выклікалі, яго не было, таму йшоў наступны дакладчык. Што тычыцца размоваў, то звычайныя рабочыя размовы. Рабочая атмасфэра адчувалася і на пленарным паседжаньні, асабліва на сэкцыйным. Прыехалі навукоўцы, каб выступіць, сказаць штосьці новае. Асабліва пра культуру Беларусі, і на тых сэкцыях, дзе былі пытаньні, напрыклад, беларуска-літоўскага культурнага ўзаемадзеяньня ці беларуска-польскага. Будуць абмеркаваныя тэмы беларуска-нямецкага і беларуска-ўкраінскага. Пастаянна йдуць сэкцыі культуралёгіі, гісторыі, мовазнаўства, літаратуразнаўства. Хачу падкрэсьліць: атмасфэра рабочая".

(Карэспандэнт: ) "Анатоль Пятровіч, які ідэальны вынік кангрэсу Вы бачыце?"

(Грыцкевіч: ) "Дасягненьнем будзе падвядзеньне вынікаў новых дасьледаваньняў, якія былі зробленыя за апошнія 4 гады ў культуры Беларусі, крыху па гісторыі, па культурным узаемадзеяньні. Мне здаецца, што вынікі будуць станоўчыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG