Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмяншаецца колькасьць школьнікаў, якія б маглі вучыцца па-беларуску


Галіна Жарко, Менск Завяршыўся навучальны год. Сёлета на беларускай мове вучылася 23% дзяцей. Колькі вучняў сядзе за парту беларускамоўных клясаў у наступным годзе, невядома. Але, паводле статыстыкі, колькасьць школьнікаў, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, няўхільна зьмяншаецца. Каб не застацца без працы, настаўнікі пачатковых клясаў пачалі агітаваць бацькоў, бо набраць патрэбную колькасьць вучняў штогод робіцца ўсё цяжэй.

Сёлета школаў з беларускай мовай навучаньня паменела яшчэ на 3%, але і ў мінулым годзе меней за чвэрць школьнікаў вучылася па-беларуску. А дзесяцігодьдзе таму, у 1993-1994-м навучальным годзе, ажно 76% дзяцей хадзіла ў беларускую школу.

Чаму беларусы ня хочуць аддаваць дзяцей вучыцца на роднай мове? Аляксандар Сядзяка доўгі час быў дырэктарам беларускамоўнай школы ў Менску.

(Сядзяка: ) “Адказ відавочны. Вышэйшая адукацыя, на якую нацэльваецца большая частка бацькоў, скрозь на расейскай мове. Няма беларускамоўных ВНУ. Чаму няма, гэта ўжо пытаньне дзяржаўнай палітыкі ў сфэры адукацыі. Таму ў нас адбыўся ў другой палове 90-х адкат у бок расейскамоўнай адукацыі”.

Аляксандар Сядзяка спасылаецца на прыклад Украіны. 70% школ расейскамоўнага Харкава таксама перайшлі на ўкраінскую, калі па-ўкраінску сталі выкладаць ва ўсіх 13-ці вышэйшых навучальных установах.

Звужэньне ўжытку беларускай мовы прывяло да таго, што нават навіны на БТ выходзяць па-расейску. Зрэшты, на існаваньне роднае мовы людзі ўсё-роўна не забыліся. Спадарыня Алена – настаўніца пачатковых клясаў адной са сталічных школаў. Каб не страціць працу, у мінулым годзе яна вымушаная была агітаваць бацькоў – не хапала неабходнай колькасьці дзяцей.

(Алена: ) “Літаральна ўгаворвала... Яны ўжо самі пачыналі па-беларуску адказваць, бо сяк-так мову ведаюць. Расчульваліся, маўляў, душу адвялі, роднае слова пачулі. А як да дзяцей – не. Пойдзем -- у расейскую! Тая расейская перапоўненая, каб прынялі, дырэктарка ўмовы ставіць. А да нас ня хочуць. Аргумэнт “жалезны” – няхай маё дзіця будзе, як усе. Клясу назьбірала. Музычны ўхіл... Яшчэ... “дапамагло”, што многа недагледжаных дзяцей. Бацькі-алькаголікі, якім усё-роўна”.

Паводле лінгвістаў, на літаратурнай расейскай мове ў Беларусі размаўляе ўсяго 5-7% насельніцтва. Астатнія, улучна з кіраўніком дзяржавы і міністрамі, карыстаюцца “трасянкаю”.

Тымчасам у 1999, калі падчас перапісу насельніцтва людзям задавалі пытаньне "На якой мове Вы размаўляеце дома?", менавіта беларускую мову назвалі роднаю ледзь не 70% апытаных. А колькасьць вучняў у беларускіх школах за 5 гадоў, што мінулі пасьля гэтак нечакана засьведчанай прыхільнасьці, зьменшылася яшчэ на 7%.

Меркаваньне лінгвіста Зьмітра Саўкі.

(Саўка: ) “Я ня думаю, што ў наўпроставую залежнасьць трэба ставіць колькасьць дзяцей, якія вучацца па-беларуску, з пэрспэктывамі мовы. У 80-м такіх дзяцей было вельмі мала, а на пачатку 90-х у якім-небудзь Ашмянскім раёне расейскіх набораў не рабілі наагул. Усе школы былі пераведзеныя на беларускую мову. Мы атрымалі аграмадны рост, проста выбуховы, але гэта ня самы яркі паказьнік. У пасьляваенны час, у 50-я, пераважная бальшыня школьнікаў навучалася па-беларуску. І што мы атрымалі? Урбаністычны выбух, выпускнікі беларускіх школ прыязджалі ў горад і імгненна русыфікаваліся. Беларусізацыя, русыфікацыя... хто зь верху, той і кіруе”.

Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка камэнтуе сытуацыю наступным чынам.

(Лозка: ) “Зачыняюцца малакамплектныя школы ў вёсках, дзе заўсёды было больш за ўсё беларускамоўных дзяцей. Такія малакамплектныя школы існавалі нават у цяжкія гады разрухі. Расейская мова дамінуе. Таму бацькі глядзяць, дзе выгодна. Бачаць, што за мову б’юць на мітынгах, дык яны стараюцца аддаваць дзяцей туды, дзе лепш. Была тэндэнцыя, калі Менск набіраў патроху моц беларускасьці. Афіцыйна лічылася ў Менску 7 беларускіх школ зь 1 па 11 клясе. А сёлята іх стала толькі 3”.

У спадарыні Сьвятланы двое дзяцей ходзяць цяпер у расейскую школу, хоць старэйшая дачка пачынала вучыцца па-беларуску.

(Сьвятлана: ) “Дзеці беларускай мовай не карыстаюцца. Добра калі ў сям’і ёсьць зь кім пагаварыць, але з аднагодкамі – не. Трэба шукаць нейкае асяродзьдзе. Я ня бачу такога асяродку. Хоць час ад часу... У аўтобусе чула, як двое падлеткаў размаўлялі па-беларуску. Трошкі сьмешнавата было, бо адчуваецца, калі чалавек перакладае з расейскай. Яны былі з мастацкай вучэльні. Я запыталася: у вас выкладаньне ўсё па-беларуску? Яны кажуць: ды не! Калі не разумееш, можна ўзяць тую ж фізыку па-расейску. Выкладчыкі ня ўсе размаўляюць па-беларуску і, напэўна, так сама й выкладаюць. Дачка ведае беларускую мову, яна больш-менш размаўляе. А сын, хоць ты страляй! Гаворыць па-беларуску з францускім акцэнтам. З гэтым “г” грасыруючым. Я кажу: Ванька, хто ты? Грузін? Не, -- кажа, --я ўжо француз”.

Некалі лічылася, што савецкія беларусы першымі трапяць у камунізм, бо гэтак спрытна загаварылі па-расейску. 10 гадоў таму, калі на рэфэрэндуме галасавалі за роўнасьць беларускае і расейскае мовы, таксама выбіралі ня мову, а лад жыцьця. Здарылася, праўда, што пры задэкляраванай роўнасьці беларускай і расейскай - найбольш прэстыжнаю стала ангельская.

(Сядзяка: ) “У нас паняткі перакуленыя дагары нагамі. Шмат гаворкі пра патрыятызм, патрыятычнае выхаваньне. Але на грунце чужой мовы. Лухта і дэмагогія. Дык моладзь не нацэленая, каб застацца ў краіне і працаваць. Большая палова моладзі марыць зьехаць”.

(Карэспандэнт: ) “Тады галоўнае - замежная мова...”

(Сядзяка: ) “Таму ў нас школы, якія маюць спэцыялізацыю – паглыбленае вывучэньне замежных моваў, лічацца прэстыжнымі. І туды вялікі конкурс".

Аляксандар Сядзяка доўгі час узначальваў прэстыжную беларускую школу, але... з францускім ухілам.

(Карэспандэнт: ) “Бацькоў цяжка было агітаваць?”

(Сядзяка: ) Гэта была праблема. Асабліва ў другой палове 90-х, калі такая палітыка пайшла. Праўда, я знайшоў магчымасьць арганізаваць школьныя абмены зь ліцэямі Францыі. Дзеці мелі магчымасьць зьездзіць у Францыю. Мець моўную практыку. У старэйшых клясах здаць экзамен на права навучаньня ў францускіх унівэрсытэтах. Гэта падняло прэстыж школы”.

І паэтка Антаніна Хатэнка лічыць, што

(Хатэнка: ) “...павінна быць рэкляма, нават на тое, што дадзена Богам, каб чалавек адчуваў каштоўнасьць. І тады ён сам пойдзе шукаць. А калі ён ведае, што гэта непатрэбшчына і нідзе ня будзе яму паслугаваць, дык ён жа ня дурань. Калі ў рэзэрвацыі дзіця пабудзе, дык пачынае камплексаваць, што не такое, як усе. Скажу пра сваіх дзяцей. Абсалютна не істотна, ці яны гавораць па-беларуску, ці пералучаюцца на расейскую мову, яны -- беларусы па сьвядомасьці. Але яны ніколі не вучыліся ў беларускай школе. Я супраць рэзэрвацыйных мэтадаў. Трэба зрабіць такі статус школе, каб там конкурсы былі... тады кітайскую дай, ён пойдзе”.

На пытаньне ці адчуваюць сваю элітарнасьць трое дзяцей Зьмітра Саўкі, якія навучаюцца ў беларускай школе, ён адказаў так.

(Саўка: ) “Несумненна. Мы нямала зрабілі, каб яны пачуліся ня горшымі, а можа нават і лепшымі”.

(Карэспандэнтка: ) “Сярод іншых дзяцей яны не пачуваюцца праблемна?”

(Саўка: ) “Дзеці -- вялікія канфармісты. Яны звычайна гавораць па-расейску, калі астатнія гавораць па-расейску. Мы з разуменьнем ставімся. Нашы дзеці кантактуюць з намі па-беларуску, і іншыя дзеці, бачачы гэта, агітуюцца за беларушчыну. Яны іначай ставяцца да прадмету “беларуская мова”, бо бачаць, хто хтосьці на ёй рэальна размаўляе".

(Карэспандэнтка: ) “Вы не баіцеся за будучыню вашых дзяцей, якія магчыма захочуць працягваць адукацыю, ці ня будзе праблемаў?”

(Саўка: ) “Несумненна будуць. Гэта мяне найбольш бянтэжыць”.

У сёлетнім, завершаным ужо навучальным годзе, па-беларуску вучылася 301 250 школьнікаў. Новай дырэктарцы школы №2, якую ачольваў Аляксандар Сядзяка, не дазволілі адчыніць расейскіх клясаў, бо ў Ленінскім раёне сталіцы гэта апошняя школа зь беларускай мовай навучаньня. Дапамог адміністрацыйны рэсурс. Наяўнасьць беларускіх школаў патрэбная яшчэ і дзеля статыстыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG