Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве адкрыўся Беларускі цэнтар


Паўло Зуб''юк, Кіеў Сёньня ў Кіеве адбылося адкрыцьцё Беларускага цэнтру, зыніцыяванае Ўкраінскай народнай партыяй. Паведамляе наш карэспандэнт з Кіева.

На прэсавай канфэрэнцыі з нагоды адкрыцьця Беларускага цэнтру прысутнічалі прадстаўнікі Беларускае партыі свабоды (БПС), Задзіночаньня беларускіх студэнтаў (ЗБС), духавенства Беларускае аўтакефальнае царквы.

Арганізатары з украінскага боку паведамілі, што ідэя такога Цэнтру існавала ўжо даўно, але вельмі моцным штуршком для матывацыі сталася затрыманьне менскай міліцыяй украінскіх грамадзян на Чарнобыльскім Шляху.

Вядучымі на прэсавай канфэрэнцыі былі дэпутат Вярхоўнае Рады Ўкраіны ад Украінскае народнае партыі Міхайла Ратушны і лідэр Беларускае партыі свабоды Сяргей Высоцкі.

(Ратушны: ) "Чаму мы гэта робім? Мы даўно мелі цесны кантакт з Беларусьсю. Апошнім часам гэтыя кантакты інтэнсыфікаваліся, асабліва пасьля "памаранчавае" рэвалюцыі. Мы лічым, што каштоўнасьці, такія як свабода, дэмакратыя, правы чалавека зьяўляюцца агульначалавечымі. Гэта ня спроба ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншае дзяржавы, гэта пацьвярджэньне тых каштоўнасьцяў, па якія зусім нядаўна выходзілі на Хрэшчатык і майданы нашыя грамадзяне, і мы лічым што нашыя беларускія сябры маюць у такой самой меры гэта права".

(Высоцкі: ) "Няма беларускага цэнтру (ў замежжы), хаця былі спробы зрабіць цэнтры для інтэлігенцыі ў Польшчы, у Летуве, здавалася б, краіны знаходзяцца ў Эўразьвязе... Але гэта зрабіла Ўкраіна, якая толькі сама здабыла ў поўнай меры свабоду. І першае, што зрабілі ўкраінцы – гэта пачалі дапамагаць беларусам. Гэта сымбалічна. Гэта сьведчаньне сапраўднай братэрскасьці народаў".

На прэсавай канфэрэнцыі было заяўлена, што прыярытэтамі дзейнасьці Беларускага цэнтру найбліжэйшым часам будзе інтэнсыфікацыя інфармацыйнага абмену паміж суседнімі краінамі, супрацоўніцтва моладзевых, у прыватнасьці студэнцкіх, арганізацый і падрыхтоўка ўкраінскіх назіральнікаў да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG