Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Кандагары: "Увесь пакой заліты крывёй і пакрыты кавалкамі целаў"


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Паводле аўганскіх уладаў, прынамсі 17 чалавек загінулі, а 36 былі параненыя калі замаховец-самагубца ўзарваў сябе каля ўваходу ў галоўны мячэт гораду Кандагар сёньня раніцай. Сярод забітых – новы кіраўнік службаў бясьпекі Кабулу.

Карэспандэнтка Радыё Свабода ў Кандагары Рэшцім Куадзіры стаяла каля запоўненага мячэту Абдураб Акхондзада, рыхтуючы матэрыял пра пахаваньне забітага шыіцкага клірыка, які быў вядомы тым, што моцна падтрымліваў аўганскага прэзыдэнта Хаміда Карзая, калі зусім недалёка тэрарыст-самагубца ўзарваў сябе.

Цягам наступных некалькіх хвілінаў Куадзіры змагла прарвацца праз натоўп людзей, якія разьбягаліся ў розныя бакі і апынулася ў невялікім пакой, дзе адбыўся выбух. Там яна пабачыла страшэнную карціну сьмерці.

(Куадзіры: ) “Я знаходжуся ў невялікім пакоі каля ўваходу ў мячэт, і тут усё залітае крывёй і пакрытае кавалкамі целаў. Гэта жудасна і амаль нерэальна”.

Прадстаўнік міністэрства ўнутраных справаў Аўганістану Лютфула Машал пацьвердзіў, што сярод забітых – новы кіраўнік службы бясьпекі Кабулу.

(Машал: ) “У выніку замаху самагубцы прынамсі 17 чалавек забітыя, а 36 параненыя. Генэрал Акрам Хакрызвал – кіраўнік службы бясьпекі Кабулу – таксама знойдзены сярод забітых”.

Між тым Нэсэр Ахмед Ніязі – дырэктар кандагарскага шпіталя заявіў, што ў ягоны шпіталь прывезьлі сёньня 20 трупаў. А аўганскія сьледчы, якія працуюць на месцы трагедыі апасаюцца, што колькасьць ахвяраў можа дасягнуць нават 50 чалавек.

Наша карэспандэнтка размаўляла з параненым сьведкам выбуху, якія заявіў, што замахоўца праўдападобна хацеў забіць менавіта генэрала Хакрызвала. Ён быў апрануты, як адзін з ахоўнікаў генэрала і зайшоў у мячэт адразу пасьля яго. Калі Хакрызвал спыніўся, каб зьняць боты, самагубца падскочыў да яго і здэтанаваў выбухоўку.

Сёньня ж чалавек, які назваў сябе прадстаўніком Талібану, тэлефанаваў у розныя інфармацыйныя агенцтвы ў Кабуле і казаў, што Талібан бярэ на сябе адказнасьць за замах.

Прадстаўнік міністэрства ўнутраных справаў Аўганістану Лютфула Машал, аднак, заяўляе, што гэтую інфармацыю пакуль нельга пацьвердзіць.

(Машал: ) “Ідзе сьледзтва. Невядома, хто дакладна гэта зрабіў, але вядома адно – гэта зрабілі ворагі ісламу і ворагі Аўганістану. Упершыню выбух адбыўся ўнутры мячэту. Загінулі людзі, які прыйшлі маліцца”.
XS
SM
MD
LG