Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Кандрашоў: “Я пачаў галадоўку на знак салідарнасьці з жодзінскімі хлопцамі”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Барысаве ад сёньняшняга дня на знак салідарнасьці з удзельнікамі акцыі ў Жодзіне распачаў галадоўку актывіст “Зубра” Міхась Кандрашоў. У Жодзіне акцыя пачалася 25 траўня і ў ёй бяруць удзел шасьцёра юнакоў: Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Вінаградаў, Яўген Валкавец, Сяржук Мурашка, Павал Каранюхін і Сяржук Марчык.

Барысаўскаму “зуброўцу” Міхасю Кандрашову 18 гадоў. Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

(Кандрашоў: ) “Сёньня я пачаў галадоўку на знак салідарнасьці з жодзінскімі хлопцамі, якіх пачалі адлічваць з палітычных матываў. Я гэта вельмі добра разумею, таму што паўгоду таму мяне адлічылі з 85-й навучальнай установы. Гэта Барысаўскі політэхнічны прафэсійны ліцэй. Я там навучаўся на аўтасьлесара. І адлічылі мяне з трэцяга курсу. Калі быў рэфэрэндум, мяне затрымалі. Я адседзеў дзесяць сутак, і, калі выйшаў, мне сказалі, што адлічылі. Мяне адлічылі заднім днём. Прыкладна за пятнаццаць дзён да таго, як пасадзілі. І было адлічэньне за прагулы, хаця насамрэч, гэта не было так”.

Сёньня шосты дзень галадоўкі жодзінскіх актывістаў. Далучэньне да іх новых удзельнікаў яны ўспрынялі з разуменьнем. Гаворыць былы студэнт Акадэміі мастацтваў Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Гэта акцыя падтрымкі. Гэта сапраўды паказвае тое становішча, якое склалася ў краіне. Мы бачым, што зрабілі правільна. Гэта сапраўды масавыя рэпрэсіі. Жодзіна — не выключэньне. Гэта адбываецца па ўсёй краіне. І з гэтым штосьці трэба рабіць, бо моладзь павінна вучыцца”.

Сёньня жодзінскія ўдзельнікі галадоўкі зьвярнуліся ў Жаночую гімназію з пратэстам супраць маючага месца, на іх думку, перасьледу яе навучэнак Натальлі Максімавай і Вольгі Галубец, якія бралі ўдзел у апазыцыйных акцыях. Ад кіраўніцтва гімназіі яны мяркуюць атрымаць афіцыйныя гарантыі, што гэтыя актывісткі моладзевага дэмакратычнага руху ня будуць выключаны, а прадоўжаць навучаньне і ў наступным навучальным годзе. Між тым, дырэктарка гэтай установы Алена Несан заявіла нашаму радыё, што ў Жаночай гімназіі няма ніякага перасьледу згаданых навучэнак:

(Несан: ) “Ніколі не стаяла пытаньня пра выключэньне гэтых дзяўчатак з гімназіі. Больш за тое, у дачыненьні да іх не было ніякіх пагрозаў. Для нас галоўнае — пасьпяховасьць дзіцяці. Галоўнае, каб дзіця пасьпявала, выконвала праграму. Астатняе, яго палітычныя погляды — асабістая справа”.

Ад 24 траўня ў менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку па вуліцы Акрэсьціна працягвае галадоўку лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч, якога разам з Паўлам Севярынцам абвінавачваюць у арганізацыі вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. А ад 15 траўня ў берасьцейскім сьледчым ізалятары трымае галадоўку яшчэ адзін актывіст беларускай палітычнай апазыцыі, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG