Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выкліча крызыс у Эўропе вынік францускага рэфэрэндуму?


Кастусь Бандарук, Прага Амаль 55% французаў сказалі «не!» эўрапейскай Канстытуцыі. У рэфэрэндуму ўзялі ўдзел амаль 70% французаў. Супраць Канстытуцыі прагаласавалі пераважна прыхільнікі сацыялістаў, крайне правых сілаў, партыі «зялёных», сяляне, настаўнікі і дзяржаўныя чыноўнікі. Адмоўны вынік францускага рэфэрэндуму ў справе эўрапейскай Канстытуцыі выклікаў беспрэцэдэнтны крызыс у Эўразьвязе.

Выступаючы пасьля заканчэньня галасаваньня прэзыдэнт Францыі Жак Шырак заявіў:

(Шырак: ) "Францыя выказалася дэмакратычным шляхам. Пераважная большасьць грамадзянаў адкінула Канстытуцыю. Гэта іхнае сувэрэннае рашэньне, і я гэта ўлічваю".

Сваё “крайняе расчараваньне” выказаў былы старшыня Эўракамісіі Рамана Продзі, а цяперашні старшыня Хозэ Мануэль Бароса прызнаў, што вынік рэфэрэндуму ў Францыі ставіць Эўразьвяз ў складаную сытуацыю.

(Бароса: ) "Гэта значыць, што мы маем праблему, сур’ёзную праблему. Францыя, гэта вельмі важны сябра Эўразьвязу, яго заснавальнік. Мы ня можам сабе ўявіць Эўропы бяз Францыі. Цяпер мы павінны асэнсаваць тое, што адбылося".

Канцлер Фэдэральнай Рэспублікі Нямеччыны Гэрхард Шрэдэр заявіў, што "гэта ўдар па Канстытуцыі, але не яе канец".

Таксама лідэр сацыялістаў ў Эўрапарлямэнце Пол Расмусэн лічыць, што “ чуткі пра сьмерць эўрапейскай Канстытуцыі перабольшаныя".

На думку прэм’ера Люксэмбургу Жана-Клёда Жункера, які старшынюе цяпер у Эўразьвязе, “эўрапэйская Канстытуцыя – ня мёртвая, а працэс ратыфікацыі трэба працягваць”.

Гэтую думку падзяляе таксама камісар ў гуманітарных пытаньнях Эўразьвязу, былы міністар замежных справаў Бэльгіі – Луі Мішэль:

(Мішэль: ) “На маю думку, гэта не азначае канца Канстытуцыі, канца дагавору. Гэта азначае, што мы будзем мець больш складанасьцяў. Мы гэта павінны ўсьведамляць. Аднак павінны даць іншым эўрапейскім народам магчымасьць выказаць сваю думку ў гэтай справе”.

У сваім эмацыйным выступленьні Жункер выказаў сваё захапленьне ідэяй аб’яднанай Эўропы і нагадаў, што гэта была мара Ўінстана Чэрчыля.

Жункер асудзіў тых лідэраў, якія ня здольныя пераканаць свае грамадзтвы аб значэньні аб’яднанай Эўропы. Для шмат каго відавочна, што за прыкладам Францыі могуць пайсьці іншыя краіны. У сераду аналягічны рэфэрэндум адбудзецца ў Галяндыі, а затым у Даніі.

У адпаведнасьці са спэцыяльным пратаколам, калі больш як 20 з 25 краін прымуць Канстытуцыю, тыя, якія яе адкінулі могуць правесьці паўторнае галасаваньне.

Аглядальнікі лічаць, што на адмоўны вынік францускага рэфэрэндуму паўплывала некалькі прычынаў. Кожны француз атрымаў тэкст эўрапейскай Канстытуцыі па пошце. Вялікі дакумэнт з 400 артыкулаў аказаўся мала для каго зразумелы. На гэтую акалічнасьць зьвярнуў увагу намесьнік старшыні Канвэнту, які падрыхтаваў тэкст, былы прэм’ер Італіі Джульяна Амата.

(Амата: ) “Я адчуваю сябе бы бацька дачкі, якая не нарадзілася. Я перасьцерагаў, што тэкст Канстытуцыі задаўгі, і будуць праблемы зь яе ратыфікацыяй”.

Аднак на пытаньне пра будучыню Эўразьвязу Амата дадаў, што “хаця францускі рэфэрэндум выклікаў землятрус, аднак пашкоджаны будынак не абваліцца”.

Экспэрты лічаць, што бадай галоўная прычына адмоўнага выніку, гэта боязь французаў перад наступствамі пашырэньня Эўразьвязу, а таксама боязь перад свабодным гандлем і адкрытым рынкам. Многія французы баяцца наплыву таннай працоўнай сілы з новых сяброў Эўразьвязу.

У чэрвені мае адбыцца саміт Эўразьвязу. Лідэры 25 краін паспрабуюць адказаць на пытаньне, што рабіць далей.

Гл. таксама • Guardian: "Тое што французы сказалі "не!" Эўропе – такі ж парадокс, як тое, калі б расейцы адмовіліся ад гарэлкі" • Вынікі францускага рэфэрэндуму камэнтуюць у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG