Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст “Волі народу” атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры


Алег Супрунюк, Берасьце Жыхар Берасьця Ігар Маслоўскі папярэджаны за дзейнасьць ад імя грамадзкага руху “Воля народу”. Спадар Маслоўскі лічыць, што ў Беларусі вынішчаюцца ўсе спробы стварыць непадпарадкаваныя ўладам ініцыятывы грамадзянаў.

30 траўня Ігара Маслоўскага выклікалі ў пракуратуру Берасьцейскай вобласьці. Там ён атрымаў афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону за подпісам пракурора Валерыя Амельянюка.

Абласная пракуратура спасылаецца на высновы Міністэрства юстыцыі, якое лічыць, што надрукаваныя ў газэце “Народная Воля” матэрыялы пра грамадзкую ініцыятыву “Воля народу” не адпавядаюць патрабаваньням закону. У прыватнасьці, Ігара Маслоўскага, які ёсьць каардынатарам гэтай ініцыятывы на Берасьцейшчыне, папярэдзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У выпадку працягу падобнай дзейнасьці спадара Маслоўскага абяцаюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Паводле словаў Ігара Маслоўскага, такія пагрозы яго не палохаюць, але пэўныя высновы трэба рабіць.

(Маслоўскі: ) “Я думаю, што сёньняшнія факты сьведчаць аб тым, што любыя грамадзянскія ініцыятывы проста будуць вынішчацца. Таму што гэта не патрэбна ўладзе. Яскравы прыклад — гэтае папярэджаньне. Улада баіцца згуртаваньня людзей. Я думаю, што ў сувязі з гэтым трэба мяняць формы і мэтады барацьбы і змаганьня зь дзейнымі ўладамі”.

Ігар Маслоўскі не выключае, што ціск на актывістаў грамадзянскай ініцыятывы наўпрост зьвязаны з маючай адбыцца кампаніяй выбараў новага прэзыдэнта Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG