Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лепельскі прадпрымальнік застанецца бяз бізнэсу з-за палітычнай актыўнасьці?


Міхал Стэльмак, Віцебская вобласьць У Лепелі ліквідуецца сямейны бізнэс лідэра тутэйшага прадпрымальніцкага руху Алега Тычыны. Такое рашэньне прынялі ўлады гэтага райцэнтра. З падрабязнасьцямі Міхал Стэльмак.

27 траўня лепельскія ўлады паінфармавалі сям’ю Тычынаў, каб яна згортвала свой гандлёвы бізнэс. Распавядае Алег Тычына:

(Тычына: ) “Яны даслалі сёньня паперы, што нам адмоўлена ў адводзе зямлі. Не знайшоўшы ніякіх сродкаў, каб вырваць мяне з лягеру апазыцыі, Лепельскі гарвыканкам у асобе яго старшыні Шыкшняна Пятра ўзяў ды зачыніў дзьве крамы маёй жонкі Зінаіды Тычыны.

Яна ў нашай сям’і вяла прадпрымальніцкую справу. Гэта былі найбольш шыкоўныя ў нашым горадзе крамы. Тут прадавалася гародніна і фрукты. Крамы карысталіся вялікай папулярнасьцю ў жыхароў Лепеля. Не было ніякіх парушэньняў.

Я гэта кваліфікую як перасьлед. Рэжым ня можа знайсьці ніякіх іншых сродкаў, апроч вось такога, калі людзі пазбаўляюцца працы. Калі людзі не могуць зарабляць сабе на жыцьцё”.

Зазначыў Алег Тычына, кіраўнік лепельскай суполкі грамадзкага аб’яднаньня дробных бізнэсоўцаў “Пэрспэктыва”.

У дасланай абвестцы пра адмову ў прадстаўленьні зямлі пад прадпрымальніцкія крамы, апроч прозьвішча кіраўніка гарадзкой “вэртыкалі” спадара Шыкшняна, фігуруе і прозьвішча кіраўніка зямельнага аддзелу Лепельскага гарвыканкаму Віктара Міхно. Ініцыятыву ўладаў у дачыненьні да прадпрымальніцкага лідэра ён патлумачыў наступным чынам:

(Міхно: ) “Ён зьвярнуўся ў выканкам. Мы падрыхтавалі рашэньне. Там жа напісана, што не я адмовіў. Вынесьлі на выканкам – выканкам адмовіў”.

Зазначыў спадар Міхно, адказны чыноўнік Лепельскага гарвыканкаму.

Паводле Алега Тычны, ліквідацыя бізнэсу яго сям’і не паўплывае на яго палітычную пазыцыю. Ён зьбіраецца працягваць апазыцыйную дзейнасьць. Нагадаю, спадар Тычына неаднаразова ладзіў ў гэтым горадзе прадпрымальніцкія страйкі, браў удзел у апазыцыйных акцыях у Менску. Летась спадар Тычына удзельнічаў у якасьці дэмакратычнага кандыдата у парлямэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG