Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 траўня Гітлер кладзе першы камень у пабудову заводу “Фольксваген”


RFE/RL Каляндар Свабоды – 26 траўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 26 траўня.

26 траўня Грузія адзначае Дзень аднаўленьня незалежнасьці. Грузінскі сувэрэнітэт абвясьцілі ў 1918 годзе. Сытуацыя была тыповая для народаў, што толькі вызваліліся ад прыгнёту расейскае імпэрыі, заявілі пра сябе ва ўмовах нямецкае акупацыі, але неўзабаве былі вернутыя ва ўлоньне новае імпэрыі – савецкай. Тое самае перажыла і Беларусь, дзе народная рэспубліка была абвешчаная на два месяцы раней. Розьніца толькі ў тым, што сёньня Грузія ўшаноўвае памкненьне сваіх продкаў да свабоды на дзяржаўным узроўні, а ў Беларусі такі дзень лічыцца апазыцыйным сьвятам.

26 траўня 1863 году ў баі з рэгулярным расейскім войскам каля вёскі Парэчча на Дзісеншчыне загінуў беларускі паўстанцкі камісар Генрых Дмахоўскі. Імя Дмахоўскага ўваходзіць у сьпіс беларускай славы, прычым ня толькі як паўстанца, але і як славутага мастака-скульптара. Родам ён зь Мёрскага раёну, вучыўся ў Парыжы, працаваў у Амэрыцы. Дастаткова сказаць, што ягоныя скульптуры Тадэвуша Касьцюшкі і Томаса Джэфэрсана і сёньня ўпрыгожваюць інтэр’ер Кангрэсу ЗША. Аднак глыбокі патрыятызм Дмахоўскага змусіў яго вярнуцца на радзіму і ўзяць удзел у паўстаньні 1863 году.

26 траўня 1926 году ў Менску ўтварылася самае прафэсійнае і самае плённае літаратурнае аб’яднаньне свайго часу – “Узвышша”. Увайшлі ў яго тыя, хто не хацеў пісаць агітацыйную літаратуру, а імкнуўся служыць мастацтву і працягваць нашаніўскія традыцыі. Аб’яднаньне мела свой аднайменны часопіс і праіснавала пяць гадоў, пакуль ягоныя стваральнікі не былі рэпрэсаваныя.

26 траўня 1938 году Гітлер кладзе першы камень у пабудову заводу “Фольксваген”. Супярэчлівая гістарычная дата. Стваральная падзея зусім не выглядае стваральнай, калі да яе спрычыняецца адыёзны кіраўнік. Тым больш, што ствараўся “Фольксваген” найперш для патрэбаў вайны. Аднак мінуў час, нямецкае аўтамабільнае прадпрыемства з такой назвай існуе дагэтуль. Больш за тое, ягоныя машыны сёньня ў Беларусі – паўсюль, куды ні глянь.

А яшчэ 26 траўня ў 1991 годзе была створаная Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Заснавальніцкі сход прайшоў у менскім Доме літаратара. Аддзяленьні асацыяцыі цяпер існуюць па ўсім сьвеце.

Сярод славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 26 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага пісьменьніка Эдмона дэ Ганкура, які заснаваў літаратурную прэмію свайго імя, украінскага пісьменьніка Васіля Стэфаніка і джазавага трубача Эдзі Рознэра, які кіраваў дзяржаўным джазавым аркестрам Беларусі.
XS
SM
MD
LG