Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Доме літаратара канцэрту “Крамбамбулі” ня будзе


Галіна Абакунчык, Менск Канцэрт беларускага гурта “Крамбамбуля” ў Доме літаратара, які быў прызначаны на 8 чэрвеня, скасаваны. Арганізатары адмаўляюцца называць сапраўдную прычыну гэтага рашэньня. У асяродку музыкаў упэўненыя, што загад зыходзіць з уладных структураў.

Прыхільнікі “Крамбамбулі” ўжо набывалі квіткі на канцэрт папулярнага гурта. Але цяпер адміністрацыя Дому літаратара заяўляе, што пра гэта нібыта нічога ня ведае. У прыватнасьці, вось што сказаў дырэктар будынку Чэслаў Праваловіч:

(Праваловіч: ) “На восьмага ўвогуле нічога не плянавалася. Ніхто да мяне з гэтай нагоды не зьвяртаўся, я нічога ня ведаю, першы раз чую”.

Абавязковым дакумэнтам, які дае права на правядзеньне канцэрту, ёсьць гастрольнае пасьведчаньне. Аднак у гарадзкой управе культуры заяўляюць, што ніхто так званай “гастролькі” ў іх не прасіў. Гаворыць намесьнік кіраўніка ўправы Анатоль Сабітаў:

(Сабітаў: ) “Ніякіх адносінаў. Я нават ня ведаю, што гэта за калектыў, і ведаць не жадаю. Бо мы выдаём пасьведчаньні, толькі калі зьвяртаюцца арганізатары. Арганізатары да мяне асабіста не зьвярталіся”.

Арганізатары канцэрту “Крамбамбулі” абвяргаюць заявы чыноўнікаў і кажуць, што ўсе неабходныя дакумэнты, а таксама вусная дамоўленасьць з адміністрацыяй Дому літаратара ёсьць. Адзін зь іх, Павал Апановіч, адмену канцэрту тлумачыць іншымі прычынамі:

(Апановіч: ) “Афіцыйная прычына — дрэнны продаж квіткоў і зьмены ў арэнднай плаце. А неафіцыйна нічога сказаць нельга”.

Яшчэ адзін арганізатар Віталь Супрановіч ня згодны нават з афіцыйнай вэрсіяй забароны канцэрту і мае на гэты конт сваё меркаваньне:

(Супрановіч: ) “Былі не прададзены квіткі — гучыць глупа, бо як яны могуць быць прададзеныя, калі яшчэ гэтулькі часу да канцэрту. Проста кожны вымушаны рабіць нешта незразумелае, абараняць сябе, ці што”.

Прад’юсар “Крамбамбулі” Ганна Вольская кажа, што ня зьдзіўленая ўзаемавыключальнымі камэнтарамі. Бо забарона канцэрту “Крамбамбулі”, як і канцэрту “Сашы і Сірожы”, зыходзіць з вышэйшых структураў улады. А таму і арганізатары, і дробныя чыноўнікі вымушаныя “выкручвацца”, каб ня мець яшчэ большых праблемаў. Гаворыць Ганна Вольская:

(Вольская: ) “Адмовілі зьверху. Я ўчора была ва ўправе культуры — людзі вачамі размаўляюць, а словамі не. Бо яны скажуць, хто забараніў, яны паляцяць са сваіх пасадаў. І дзе яны будуць працаваць? А ў іх кватэры, сем’і, дзеці. Мне падаецца гэтая сытуацыя палітычнай. І калі яны хочуць утрымаць гэты свой рэжым, то пераймяноўваць вуліцы і забараняць такія гурты, як “Крамбамбуля”, “Саша і Сірожа”, гэта ўжо агонія і абсурд”.

Паводле спадарыні Вольскай, калі бліжэйшым часам сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца да лепшага, то артыстам давядзецца канцэртаваць за мяжой.

“Крамбамбуля” разам з гуртом “Саша і Сірожа” ўваходзяць у склад творчага аб’яднаньня “Дзеці сонца.” Таксама без тлумачэньня прычынаў на мінулым тыдні быў забаронены канцэрт “Сашы і Сірожы” ў менскім клюбе “Рэактар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG