Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рацыёны ў беларускіх турмах не пераглядаліся ўжо 13 гадоў


Вячаслаў Кулік, Менск Паведамленьні пра галадоўку за турэмнымі кратамі былога кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргея Скрабца выклікаюць хваляваньне ў шматлікіх людзей. Наколькі магчымае хуткае вяртаньне вязьня да здаровага стану на турэмных харчах пасьля дасягненьня мэты пратэсту? І, наагул, як кормяць беларусаў у месцах зьняволеньня? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятляў наш карэспандэнт.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі паведамілі, што па выніках 2004 году расходы на харчаваньне ва ўсіх турмах і калёніях склалі каля 20 мільярдаў рублёў. Як удакладніў прадстаўнік дэпартамэнту Яўген Ждановіч, харчаваньне ў выпраўленчых установах трохразовае.

(Ждановіч: ) “Нормы харчаваньня былі распрацаваныя ў 1992 годзе”.

Тым часам, напрыклад, у Расеі 11 красавіка гэтага году ўрад зацьвердзіў новы рацыён у турмах. Афіцыйна было паведамлена, што мэню зьменена паводле яшчэ савецкай традыцыі пераглядаць нормы харчаваньня зьняволеных праз шэсьць гадоў. Паводле Яўгена Ждановіча, Беларусь прапусьціла ўжо два такія пэрыяды, і зараз рацыён у турмах “цягне” трэці тэрмін без перагляду.

(Ждановіч: ) “Сёлета прадугледжваюцца нейкія зьмены, але гэта падрыхтоўчая праца. Ініцыятыва МУС. Ды ініцыятыва – гэта адно, а тут жа ўсё завязана на грошы”.

Па словах супрацоўніка лягернай сыстэмы, у Беларусі цяпер больш як 33 тысячы чалавек адбываюць турэмнае пакараньне. Падлічана, што сярэдні кошт сутачнага набору прадуктаў на аднаго асуджанага складае 1300 рублёў. Што можна наесьці на гэтыя грошы? Пра сваю пайку ўзгадвае Міхаіл Дзенісеня, які сядзеў у Ваўкавыску за мех бульбы зь калгаснага поля.

(Дзенісеня: ) “Раніцай – чай і лыжка кашы, вечарам – чай і лыжка кашы. У абед даюць і першую страву. Але ж таксама пустую: на кaсьцях варыцца, але косьці табе не патрапляюць”.

Сказаў Міхаіл Дзенісеня з Клецкага раёну. Яго зямлячка Алена Новік гаворыць, што жаночае харчаваньне ў турме здараецца лепшым, але рэдка.

(Новік: ) “Цяпер толькі дзьве жаночыя калёніі – у Гомелі і Рэчыцы. На “гомелі” было так: належыць форма, норма і рэжым – выконвай! На “рэчыцы” (дзе такое бачна?!) зэкаў кармілі смажанай рыбай. Вядома, шмат залежыць ад начальства. Начальнікам атраду быў стары мужык, усе яго называлі “бацька”. Ён нам гаварыў: “Хаця вы зэчкі, але перадусім – жанчыны”.

Былыя асуджаныя за дробныя крадзяжы Міхаіл Дзенісеня і Алена Новік гаварылі пра хібы ў турэмным харчаваньні.

У сваю чаргу Аляксей Шыдлоўскі, які ў 19 гадоў патрапіў у турму за так званыя антылукашэнаўскія графіці, да сёньняшняга часу адчувае наступствы ад камэрнай баланды.

(Шыдлоўскі: ) “Насамрэч, няма ані вітамінаў, ані карысных рэчываў – гэта ежа, ад якой псуюцца і зубы, і скура, і гэтак далей. Пасьля ўрачы працяглы час выпісвалі вітамінныя комплексы. Быў недахоп усялякіх рэчываў. Гэта адчуваецца і цяпер”.

Таксама паводле ўласнага досьведу камэнтуе ўзровень харчаваньня ў беларускіх турмах праваабаронца Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) "Нашых не бяруць на раздачу ежы таму, што гэта вялікая прывілея. Ежу ставяць на падлогу. У камэры антысанітарныя ўмовы. На сьценах пыл і вірусы. Калі чалавек яшчэ і галадуе, то ёсьць вялікая рызыка, што ён можа падхапіць нейкія інфэкцыйныя хваробы, заразіцца. Гэта вельмі небяспечна, рызыкоўна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG