Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонцы Сяргея Скрабца паабяцалі сустрэчу з мужам


Уладзімер Глод, Менск Адпаведны дазвол Аляксандры Скрабец даў 23 траўня сьледчы Андрэй Ліванаў, які вядзе справу яе мужа. Вызначаная і дата наведваньня — чацьвер, 26 траўня. Адзін з актывістаў беларускай палітычнай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец знаходзіцца ў берасьцейскім сьледчым ізалятары.

Калі Аляксандра Скрабец паведаміла мне пра маючую адбыцца ў чацьвер сустрэчу з мужам, я нагадаў ёй, што 10-дзённы тэрмін затрыманьня Сяргея Скрабца скончыцца раней за прызначанае наведваньне. Жонка экс-дэпутата сказала, што яна пра гэта ведае, але ўпэўнена, што тэрмін утрыманьня мужа пад вартай будзе працягнуты:

(Аляксандра Скрабец: ) “Я думаю, калі сьледчы мне сёньня сказаў, што я магу прыехаць у чацьвер, значыць, ён ужо ўпэўнены, што тэрмін утрыманьня будуць працягваць. Я сёньня раніцай сьледчаму тэлефанавала, а 9-й гадзіне”.

Памочнік Сяргея Скрабца Сяргей Галаганюк упэўнены, што ўтрыманьне былога парлямэнтара за кратамі будзе доўжыцца значна больш за 10 дзён:

(Галаганюк: ) “Яго будуць трымаць больш. Як мінімум, два месяцы. Неабходныя дакумэнты ўжо падпісаныя. Я ведаю пра гэта дакладна, гэта 100%”.

Спадарыня Скрабец вельмі хвалюецца наконт здароўя мужа. Яна спадзяецца, што ў панядзелак яе ліст трапіць да яго. Аляксандра ўжо другі раз (першы — праз адваката) просіць яго спыніць галадоўку. Упэўненасьці, што Сяргей прыслухаецца да яе закліку, у спадарыні Скрабец няма, адвакат Міхаіл Хоміч паведаміў ёй, што галадоўка працягваецца.

(Скрабец: ) “Мне адвакат сказаў, што ён трымае галадоўку”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ён вам гэта сказаў?”

(Скрабец: ) “Учора, 22 траўня. Я проста ведаю свайго Сяргея. Калі ён ужо нешта задумае, дык яго прасі не прасі...”

Дарэчы, 23 траўня пайшоў другі месяц з моманту арышту яшчэ аднаго былога дэпутата і вядомага апазыцыянэра — Андрэя Клімава. А напярэдадні яго сябры ды прыхільнікі правялі акцыю падтрымкі каля сьледчага ізалятару ў Менску, дзе ўтрымліваюць Андрэя Клімава.

Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня і цяпер працягвае галадоўку пратэсту ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Яго абвінавачваюць паводле двух аыртыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да злачынства і хабарніцтва.

Андрэя Клімава затрымалі 22 красавіка за арганізацыю акцыі пратэсту ў Менску 25 сакавіка. Супраць яго завялі крымінальную справу за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG