Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавы піяніст у мокрым чорным гарнітуры на беразе мора


Аляксей Знаткевіч, Прага Яго знайшлі шэсьць тыдняў таму на ангельскім узьбярэжжы. Ад таго часу ён ня вымавіў ані слова, але ён гадзінамі можа граць на піяніна. Цяпер брытанскія ўлады спрабуюць высьветліць асобу загадкавага музыкі.

Упершыню гэтага высокага сьветлавалосага мужчыну пабачылі на пачатку красавіка каля пляжу на невялічкай ангельскай высьпе Шэпі. Ён быў апрануты ў шыкоўны, але да ніткі мокры чорны гарнітур.

На выгляд яму каля 30 гадоў. Даведацца, хто ён такі, было немагчыма, бо чалавек не казаў ані слова. Аднак калі супрацоўнікі псыхіятрычнага шпіталю, куды яго завезьлі, далі яму асадку і паперу, мужчына намаляваў раяль.

Калі яго прывялі да піяніна ў шпітальнай капліцы, мужчына пачаў граць і рабіў гэта каля дзьвюх гадзін.

Вось што гаворыць супрацоўнік шпіталю Майкл Кэмп.

(Кэмп: ) “Калі ён не за піяніна, ён неадрыўна глядзіць вам у вочы і не падпускае вас на два-тры мэтры да сябе. Калі ён за інструмэнтам, вы можаце стаяць так блізка ад яго, як пажадаеце, можаце нават дакрануцца да яго, бо тады ён абсалютна расслаблены”.

Шпіталь запрасіў перакладчыкаў з Польшчы, Літвы і Латвіі, каб праверыць ці не паходзіць гэты чалавек з Усходняй Эўропы. Але ні ў каго пакуль што не атрымалася заахвоціць яго да размовы.

Адзеньне знойдзенага не дае ніякага ключу да разгадкі ягонага паходжаньня, бо ўсе этыкеткі былі пазразаныя.

У гэтую нядзелю пэрсанал шпіталю зьвярнуўся па дапамогу да нацыянальнай службы пошуку зьніклых людзей, падаўшы фотаздымак мужчыны і ягоны малюнак. Ад таго часу служба атрымала каля 300 тэлефанаваньняў, і цяпер паліцыя і сацыяльныя работнікі займаюцца праверкай інфармацыі.

Майкл Кэмп са шпіталю гаворыць, што загадкавы піяніст, найхутчэй перажыў нейкую сур’ёзную псыхалягічную траўму.
XS
SM
MD
LG