Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разгараецца канфлікт паміж Саюзам палякаў і беларускімі ўладамі


Алесь Дашчынскі, Менск Удзельнікам нядаўніх захадаў супраць Саюзу палякаў пагражаюць візавыя санкцыі. У амбасадзе Польшчы ў Менску пацьвердзілі, што адносна асобаў, якія ўдзельнічалі ў нядаўніх дзеяньнях супраць Саюзу палякаў у Беларусі, будуць уведзеныя візавыя санкцыі.

Галоўная Рада Саюзу палякаў накіравала заявы ў генэральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі і адміністрацыю прэзыдэнта, у якіх выказвае пратэст супраць дзеяньняў, якія, як сьцьвярджаецца ў дакумэнце, абражаюць пачуцьці палякаў у Беларусі. Канфлікт быў справакаваны рашэньнем Міністэрства юстыцыі і фільмам Беларускага тэлебачаньня “Хто заказаў Саюз палякаў?”

Кіраўніцтва Саюзу палякаў не пагаджаецца з рашэньнем Мінюсту, які прызнаў несапраўдным сакавіцкі зьезд гэтага грамадзкага аб’яднаньня. Паводле Міністэрства юстыцыі, большасьць дэлегатаў абрана з парушэньнямі статуту грамадзкай арганізацыі, быў парушаны парадак вядзеньня зьезду, а яго парадак дня не зацьвярджаўся, падчас прыняцьця большасьці рашэньняў адсутнічаў кворум. Прадстаўнікі Саюзу палякаў заяўляюць, што зьезд прайшоў законна і кіраўніцтва аб’яднаньня абрана дэмакратычным шляхам. Тлумачыць прэс-сакратар аб’яднаньня Анджэй Пісальнік:

(Пісальнік: ) “Гэты ліст, які мы атрымалі зь Мінюсту, увогуле грунтуецца на домыслах нейкіх і сфальшаваных фактах. Таму ўжо сам гэты факт абражае пачуцьці палякаў. А калі мы возьмем кантэкст вось гэтага фільма прапагандысцкага і правакацыйнага, які паказала Беларускае тэлебачаньне, то гэта абраза яшчэ большая атрымліваецца. Гэта супольная пазыцыя арганізацыі, што гэта вельмі абражае пачуцьці палякаў, гэтая сытуацыя, якая склалася”.

Наконт сытуацыі вакол Саюзу палякаў выказаліся міністар замежных справаў Польшчы Адам Даніэль Ротфэльд, сьпікер сэнату Лонгін Пастусяк і прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і іншыя польскія палітыкі. Паводле Анджэя Пісальніка, польскі бок рэагуе адэкватна і, верагодна, што адносна шэрагу асобаў, якія маюць дачыненьне да распальваньня канфлікту, могуць быць ужытыя візавыя санкцыі. У зьвязку з гэтым ён называе імя былога кіраўніка саюзу Тадэвуша Кручкоўскага, які прайграў на апошнім зьезьдзе і ня можа пагадзіцца з гэтым пройгрышам.

(Пісальнік: ) “Мы лічым, што гэта толькі першае прозьвішча, якое ўжо прагучала, але гэта будзе яшчэ шэраг асобаў, і гэта будуць удзельнікі менавіта гэтага фільма, якія спрычыніліся да распальваньня варожасьці міжнацыянальнай у Беларусі, увогуле ня маючы для гэтага падставаў”.

Тым часам у амбасадзе Польшчы ў Беларусі пакуль спасылаюцца толькі на выказваньні міністра замежных справаў Адама Даніэля Ротфэльда. Прадстаўніца польскай амбасады Моніка Саткоўска падкрэсьліла, што гэтую сытуацыю амбасада пакуль не камэнтуе.

(Саткоўска: ) “Я магу толькі сказаць, што наш міністар замежных справаў Адам Ротфэльд сказаў, што адносна ўсіх, хто ўдзельнічаў у нядаўніх дзеяньнях супраць Саюзу палякаў, будзе ўведзена забарона на ўезд у Польшчу і іншыя краіны. Але гэта пакуль толькі такая інфармацыя. Наконт таго, хто канкрэтна атрымае такую забарону, у мяне інфармацыі няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG