Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты зачыненага ЭГУ праводзяць фотавыставу ў Бэрліне


Алена Струвэ, Менск Ад сёньня на працягу тыдня ў Бэрліне будзе працаваць фотавыстава “Мы працягваем”. Імпрэза прысьвечаная гісторыі зачыненага беларускімі ўладамі менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Як паведамілі Радыё Свабода арганізатары, мэта выставы – прыцягнуць увагу нямецкага фэдэральнага міністэрства культуры і адукацыі да лёсу беларускіх студэнтаў-выгнаньнікаў і да пытаньня прызнаньня дыплёму гэтага ўнівэрсытэту ў Эўропе.

Ініцыятарамі сёньняшняй фотавыставы сталі 17 беларускіх юнакоў і дзяўчат, якім даў прытулак Бэрлінскі Вольны ўнівэрсытэт.

Паводле 21-гадовага менчука Мікіты, які чатыры гады вывучаў псыхалёгію ў Менску, аднак завершыць сваю адукацыю быў вымушаны ў Бэрліне, галоўная праблема студэнтаў былога ЭГУ ў тым, што дыплём Эўрапейскага гуманітарнага не прызнаны ані ў Беларусі, ані ў Нямеччыне, фактычна, нідзе.

Гэтым летам тэрмін навучаньня Мікіты і ягоных сяброў у ФРН заканчваецца. Віза сапраўдная толькі да канца лета. Калі дыплём бакаляўра ЭГУ ня будзе прызнаны адмысловай канфэрэнцыяй міністраў культуры і адукацыі ў Боне, беларускія студэнты мусяць альбо вяртацца дадому альбо спрабаваць заставацца ў Нямеччыне, каб пачаць вучобу ад самага пачатку – зь першага сэмэстру. Сёньняшняя выстава дае беларусам шанец прыцягнуць ўвагу адказных нямецкіх чыноўнікаў да лёсу ЭГУ.

(Мікіта: ) “Выстава будзе праходзіць у інстытуце Усходняй Эўропы пры Вольным Бэрлінскім унівэрсытэце. Сам я зьяўляюся адначасна студэнтам ЭГУ, праходжу курсы дыстанцыйнага навучаньня, якія праводзіць бюро ЭГУ ў Вільні. Летам у мяне будзе магчымасьць здаваць выпускныя экзамэны і атрымаць дыплём бакаляўра.

Што да выставы, то ў нас ёсьць 48 каляровых фотаздымкаў з акцыі пратэсту студэнтаў ЭГУ ў Менску. Да фотаздымкаў мы дадаём тэкставыя камэнтары”.

Паводле Мікіты, сам ён належыць да тых студэнтаў, якія ў любым выпадку хочуць працягваць вучобу ў Нямеччыне, нават, пачынаючы ўсё ад самага пачатку – зь першага курсу. Вабіць зусім не нямецкі быт – жыць на адну стыпэндыю ва ўмовах Нямеччыны хіба так жа складана, як і ў Беларусі. Але ж у нямецкіх бібліятэках значна больш літаратуры, асабліва сучаснай, чым у Менску. Дома прыходзіцца карыстацца савецкімі падручнікамі альбо шукаць навуковыя матэрыялы ў інтэрнэце, доступ да якіх нярэдка бывае платным, – гавораць беларускія арганізатары імпрэзы “Мы працягваем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG