Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Ізраілю абураная антысэміцкай публікацыяй у дзяржаўнай газэце


Алесь Дашчынскі, Менск Амбасада Ізраіля ў Беларусі накіравала лісты у Міністэрства замежных справаў Беларусі, а таксама ў Міністэрства інфармацыі і галоўную ідэалягічную ўправу адміністрацыі прэзыдэнта, у якіх выказваецца пратэст на артыкул, надрукаваны ва ўрадавай газэце “Рэспубліка”.

Паводле ізраільскай амбасады, публікацыя галоўнага рэдактара "Інфармацыйнага бюлетэня Адміністрацыі прэзыдэнта" Эдуарда Скобелева “Не дапусьціць беларускага “Майдана”, надрукаваная 5 красавіка, з’яўляецца “мацёрым антысэміцкім артыкулам, які ў першую чаргу наносіць шкоду прэстыжу Беларусі”. Амбасада Ізраіля заяўляе, што публікацыя ў “Рэспубліцы” грунтуецца на адной з антысэміцкіх фальшывак, “Пратаколах сіёнскіх мудрацоў”, што зьяўляецца “спробай пасеяць міжнацыянальную варожасьць ”. Як адзначае амбасада, “у якасьці галоўнай мэты другой сусьветнай вайны Скобелеў указвае на стварэньне дзяржавы Ізраіль, распальвае нянавісьць да Ізраілю”, артыкул “пазнавальны па лексыцы часоў “справы ўрачоў” ці запазычаны з больш старажытных антысэміцкіх крыніцаў”.

Раней амбасада накіроўвала ліст у газэту “Рэспубліка”, аднак цягам двух тыдняў рэдакцыя яго не апублікавала і нават ніяк не адказала. Першы намесьнік галоўнага рэдактара Міхаіл Валькоўскі спаслаўся на закон аб друку, які, маўляў, дазваляе рэдакцыі рэагаваць цягам месяца, калі для гэтага ёсьць падстава.

(Валькоўскі: ) “Хто там што прачытаў між радкоў– гэта ўжо іх праблема. Чым мы ўжо там прагнявілі дзяржаву Ізраіль, я не зразумеў. А што каму здалося, хто што паміж радкоў прачытаў, якім духам там пранікнута, хай нюх разьвіваюць – гэта ж справа такая.”

А вось як паставіўся да артыкула ў газэце “Рэспубліка” кіраўнік Саюза беларускіх габрэйскіх арганізацый і суполак Леанід Левін:

(Левін:) ”Мы таксама падрыхтуем сваё стаўленьне ў газэту і вышэй. Мы лічым, што гэта проста правакацыя, таму мы таксама будзем абурана адказваць. Скобелеў проста нейкі пункцік мае на гэты кошт. Гэта проста нельга так чалавеку, які працуе ў адказных нашых органах, гэта як бы твар кіраўніцтва. Яго выступленьне – гэта проста запалкі ў порах. Навошта гэта рабіць, навошта гэта правакаваць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG