Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту Анатоля Лябедзькі ў Тбілісі


Алесь Дашчынскі, Менск 10 траўня завяршыўся візыт у Тбілісі старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Цягам двух дзён ён правёў шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам краіны Зурабам Нагаідэлі і кіраўніком грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ

10 траўня ў часе выступу на плошчы Свабоды прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў Грузію маяком свабоды ў рэгіёне і сьвеце. У сваю чаргу прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што Грузія гатова быць галоўным партнэрам ЗША на прасторы былога СССР і на Блізкім Усходзе ў справе пашырэньня дэмакратыі. "Мы ўсе разам нясем адказнасьць перад распаўсюджваньнем дэмакратыі ва ўсім сьвеце, пачынаючы з Беларусі, у якой народ заслугоўвае свабоды", -- заявіў Саакашвілі. Дарэчы, на плошчы Свабоды ў Тбілісі сярод іншых былі бел-чырвона-белыя сьцягі й плякаты "Свабода. Беларусь", "Наступная - Беларусь!" Сярод запрошаных выступы прэзыдэнтаў слухаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Вось што ён кажа пра цікавасьць да беларускай тэматыкі

(Лябедзька: ) "Ня ведаю яшчэ такіх прыкладаў велізарнай цікавасьці. Вось сустрэча з Бурджанадзэ -- прэсавая канфэрэнцыя, сустрэча з прэм’ер-міністрам Нагаідэлі -- прэсавая канфэрэнцыя. Яны самі падкрэсьліваюць сваю гатоўнасьць працаваць, ствараць, як яны кажуць, агульны такі інтэрнацыянал па падтрымцы Беларусі. Так што тут я вельмі ўсьцешаны і вынікамі, і самой атмасфэрай гэтага візыту ".

Нагадаю, у красавіку грузінскі парлямэнт аднагалосна прыняў даволі жорсткую рэзалюцыю адносна афіцыйнага Менску. Парлямэнтары гэтай краіны заклікалі парлямэнт, выканаўчую і судовую ўлады Беларусі не дапусьціць замацаваньня дыктатуры. “Асобы, якія карыстаюцца даверам людзей Беларусі, чыноўнікі, службовыя асобы павінны зрабіць усё, каб не дазволіць распаўсюдзіцца антыграмадзкім зьявам і антыдэмакратычным працэсам. У дэмакратыі няма альтэрнатывы – нішто ня можа перашкодзіць яе гістарычнаму руху і замацаваньню” – гаворыцца ў заяве. Ініцыятарам яе прыняцьця быў Катэ Габашвілі, старшыня Камітэту парлямэнту Грузіі ў справе міжнародных стасункаў. Як ён ставіцца да цяперашніх заяваў прэзыдэнта Грузіі аб пашырэньні дэмакратыі, пачынаючы з Беларусі? Катэ Габашвілі падкрэсьліў, што Грузія будзе садзейнічаць пашырэньню дэмакратыі ўсюды.

(Габашвілі: ) “Канешне ж, у тым ліку ў Беларусі, якая, мы лічым, мае цяпер сур’ёзныя праблемы з дэмакратыяй. Мы зрабілі сур’ёзную парлямэнцкую заяву. Мы маем на ўвазе тыя цяжкасьці, якія ёсьць з пункту гледжаньня правоў чалавека, парушэньні адносна розных палітычных лідэраў, некаторыя з іх сядзяць, некаторыя ўжо сядзелі, некаторых перасьледавалі, а некаторыя зьніклі і ёсьць больш чым сур’ёзныя пытаньні наконт іхняга зьнікненьня. Мы лічым, падтрымаць выдатны беларускі народ у яго барацьбе за дэмакратыю, гэтак сама як і нас падтрымлівалі ў нашай барацьбе, гэта сьвятая справа”.

Старшыня Камітэту парлямэнту Грузіі ў справе міжнародных стасункаў Катэ Габашвілі падтрымаў ідэю стварэньня ў грузінскім парлямэнце групы “За дэмакратычную Беларусь”. Пра гэта ішла гаворка падчас сустрэчы са старшынём АГП Анатолем Лябедзька, які знаходзіўся ў Тбілісі.

(Габашвілі: ) “Мы мяркуем, што гэта нядрэнная ідэя. Гэта група, якая будзе займацца дапамогай у справе разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Гэта група будзе створана па жаданьні людзей, якія там захочуць актыўна працаваць. Яны будуць сачыць за працэсамі ў Беларусі і падтрымліваць так, як гэта можа зрабіць іншы парлямэнт сяброўскай, суседняй краіны. Падтрымаць дэмакратыю, дэмакратычныя працэсы, якія вельмі патрэбныя Беларусі, мы гатовыя. Свабода – гэта цудоўнае слова, якое вельмі патрэбнае беларускаму народу.”.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, які завяршыў свой візыт у Тбілісі, дэмакратыя ў Беларусі можа разьлічваць і на падтрымку грузінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Пра гэта таксама дасягнутыя дамоўленасьці з дэпутатамі парлямэнта Грузіі.

(Лябедзька: ) "Грузія адчыніла дзьверы на самым высокім роўні перад намі і дала зразумець ясна, празрыста, што яны побач з намі і наколькі дазваляюць іх магчымасьці, яны гатовыя нам дапамагаць. Я думаю, што такая пазыцыя будзе і ў Кіеве. Мы проста павінны ўмацоўваць вось гэтую дугу Кіеў-Тбілісі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG