Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапёр Пётар Малевіч: беларусаў загінула больш за ўсіх


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Адна з трагічных старонак мінулай вайны — лёс салдатаў, якія траплялі ў штрафныя батальёны. У Капылі жыве ўдзельнік вайны Пётар Малевіч, які ў размове з нашым карэспандэнтам падзяліўся ўспамінамі пра сваю службу ў штрафбаце.

(Малевіч: ) “У арміі служыў я восем з паловай гадоў. Разьведчык, сапёр-падрыўнік, сьмяротнік. Калі дэмабілізоўваўся, дык загадалі, каб даў расьпіску, што нікому нічога ня буду гаварыць. Ужо мінула 60 год і цяпер ужо можна сказаць.

Здарылася ў арміі надзвычайнае здарэньне. Выпадковы стрэл — і загінуў чалавек. А я быў камандзір аддзяленьня. А хто адказвае? Не салдат, а камандзір аддзяленьня адказвае. Ну і ўсё. Трыбунал. Я патрапіў сапёрам-падрыўніком. Ішоў на мінныя палі. Сьмяротнікам. Разьмініраваў міны, прапускаў пяхоту, танкі. І нават песьня такая ёсьць. “Ідзі ўпярод, вялеў народ, і там, дзе не прайдуць маторы, і дзе пяхота не прайдзёт, прайдуць адважныя сапёры”. Адзін раз памыляецца сапёр. Я ведаў толькі сваіх. Сваё аддзяленьне, свой узвод. Астатніх я ня ведаў. Мы ішлі толькі наперад, а назад я не павінен быў азірацца. Там засада стаяла. Назад мне не было шляху. Толькі наперад. Былі ўсе хлопцы маладыя, здаровыя, па 23—24 гады. Ішлі толькі наперад. Назад не было шляху.

Беларусаў было вельмі многа, і беларусаў загінула больш за ўсіх. Мы ўзрывалі казармы. Мы ўзрывалі цягнікі, мы ўзрывалі склады з палівам, аэрадромы і самалёты. І калі наступалі, дык немцы валяліся пачкамі. І дваццаць гадоў мы не ўспаміналі, хто мы і што мы. Што такую вайну прайшлі. А я прайшоў Сталінград, Курскую дугу, Варшаву. Праз Капыль ішоў. Я на танку першы ўехаў у Капыль — увесь Капыль сабраўся. Дайшоў да Бэрліна. Мяне начальства ўзнагароджвала. Маю ордэн Айчыннай вайны І ступені, два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Славы ІІІ ступені і мэдаль “За адвагу”. Граматаў шмат атрымаў. Я іх усе ануляваў, граматы сталінскія — бо выкрылі Сталіна. Вядома, яго ніхто ня любіць. Ён столькі савецкіх людзей зьнішчыў, і самых лепшых. Толькі ў Капылі і Капыльскім раёне праз Сталіна загінула дзьвесьце чалавек. Было ў мяне 22 граматы сталінскія. Іх няма. А ордэны захаваліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG