Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 траўня 1942 году ў Менску фашысты пакаралі сьмерцю Ісая Казінца


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 6 і 7 траўня

6 траўня ў Беларусі вялікае традыцыйнае сьвята – Юр''я. Менавіта гэты дзень нашыя продкі лічылі пачаткам сапраўднае вясны, на Юр''ю першы раз пасьля зімы аглядалі палеткі і выганялі на пашу жывёлу, якой да гэтага дня мусіла хапіць зімовых запасаў корму. Сьвяты Юры ў гэты дзень адмыкаў ключамі зямлю і пускаў расу. Праўда, ёсьць у фальклёры і іранічныя вершы пра гэты дзень: "У годзе два Юр''і, ды абодва дурні, адзін халодны, другі галодны".

Сёньняшні дзень багаты на славутых людзей, што нарадзіліся ў розныя гады шостага траўня. Гэта галоўным чынам палітыкі і паэты. Дзеяч Францускай рэвалюцыі Максімільен Рабэсп''ер і сёньняшні ангельскі прэм''ер-міністар Тоні Блэр, індыйскі паэт і філёзаф Рабіндранат Тагор і беларускі перакладчык Шэксьпіра Юрка Гаўрук. А яшчэ ў гэты дзень прыйшлі на сьвет заснавальнік псыхааналізу Зыгмунт Фройд і прызначаны Лукашэнкам кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі Міхаіл Мясьніковіч.

6 траўня – гэта таксама дзень рэвалюцыйных закалотаў і будаўнічых дасягненьняў. Праўда, апошніх усё ж болей. У 1966 годзе ў Менску ўрачыста адкрываюць новы Палац спорту, а праз два гады ў такі самы дзень у Парыжы закрываюць галоўны ўнівэрсытэт Сарбону – у зьвязку з вулічнымі баямі так званай студэнцкай рэвалюцыі. Яшчэ праз чвэрць стагодзьдзя 6 траўня каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ і прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран урачыста адкрываюць тунэль паміж Францыяй і Англіяй пад пратокай Ла-Манш.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

7 траўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі. Дата, на якую прыпадае Дзень радыё, пазычаная з расейскай гісторыі. Менавіта 7 траўня 1895 году пецярбурскі прафэсар Аляксандар Папоў прадэманстраваў камісіі сваю вынаходку – "грозоотметчик". Гэта была адмысловая антэна, што фіксавала электра-магнітныя хваляваньні атмасфэры. Начальства Папова адразу зразумела стратэгічную важнасьць навуковага адкрыцьця і засакрэціла яго. Вось чаму вынаходнікам радыё ў сьвеце лічыцца італьянскі радыётэхнік Гульельма Марконі, а не ягоны калега Папоў. Наагул жа напрыканцы ХІХ ст. пошукамі радыёсувязі займалася мноства народу, і адкрыцьці ў гэтай справе сыпаліся адно за адным.

Калі меркаваць паводле датаў нараджэньня сусьветных славутасьцяў, заўтра ў сьвеце – кампазытарскі дзень. Бо менавіта 7 траўня прыйшлі на сьвет знакаміты нямецкі кампазытар Яганэс Брамс і ня менш славуты расеец Пётар Чайкоўскі. Верагодна, някепскі музычны слых меў і шматгадовы кіраўнік Югаславіі Ёсіп Броз Тыта, які таксама нарадзіўся сёмага траўня.

7 траўня 1942 году ў Менску фашысты павесілі Ісая Казінца, кіраўніка гарадзкога патрыятычнага падпольля. Пасьля вайны доўгі час лічылася, што гэтае падпольле стварылі самі нямецкія акупанты – з правакацыйнымі мэтамі. Прычына такога стаўленьня была ў тым, што падпольле тое ўзьнікла ў першыя ж дні акупацыі само, без арганізацыйнага ўказаньня з Масквы. Тым ня менш, з часам ушанавалі і Казінца зь ягонымі таварышамі, зьявіліся вуліца ягонага імя і памятны знак у Цэнтральным сквэры – на месцы, дзе яго пакаралі сьмерцю ў такі самы дзень, 7 траўня.
XS
SM
MD
LG