Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяга да танных прадуктаў тлумачыцца беднасьцю беларусаў


Міхал Стэльмак, Менск Працягваем абмеркаваньне якасьці беларускіх таварных рынкаў. Нагадаю, на гэтым тыдні мы разглядалі сытуацыю з алькагольнай, лекавай і паліўнай прадукцыяй. Тэма сёньняшняй размовы – праблемы падробак на харчовым рынку.

Ці ёсьць у Беларусі шэры рынак харчаваньня? Паводле зьвестак праваахоўных органаў, ёсьць. Вось што распавёў пра апошні факт дзейнасьці, так бы мовіць, “падпольнага” сэктару афіцыйны прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Выпадкі ёсьць. Нашы супрацоўнікі праверылі індывідуальнага прадпрымальніка, які займаўся расфасоўкай прадуктаў харчаваньня са скончаным тэрмінам захоўваньня і ажыцьцяўляў іх рэалізацыю на рынках горада Менску”.

Паводле прадстаўніка міліцыі спадара Грынкевіча, “падпольны дзялок” перафасоўваў на сваім мініпрадпрыемстве арахіс у чакалядзе “Нікіцін” ды рыбку “Корушка”. Пад гэтымі вядомымі расейскімі гандлёвымі маркамі пратэрмінаваныя прадукты афармляліся як сьвежыя і збываліся жыхарам беларускай сталіцы.

Харчовыя падробкі – зьява досыць распаўсюджаная, нягледзячы на тое, што зь ёй, апроч міліцыянтаў, змагаюцца супрацоўнікі фінансавай паліцыі, камітэту дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў. Тэлефоны нелегальных гандляроў "левым" харчаваньнем можна бачыць на слупах, дошках аб’яваў, нарэшце, у рэклямных газэтах. Па адным з такіх адрасоў, напрыклад, я атрымаў наступную прапанову:

(Спадарыня: ) “Ёсьць кумпячкі, рыба і мука ёсьць – лідзкая і расейская. Можна нават па 25 кіляграмаў узяць”.

(Карэспандэнт: ) “А па якіх коштах?”

(Спадарыня: ) “Расейская мука–па 45 тысяч рублёў, лідзкая – па 48 тысяч. Цукар сёньня каштуе 67 тысяч рублёў. Амэрыканскія кумпячкі каштуюць 87 тысяч рублёў 15 кіляграмаў”.

(Карэспандэнт: ) “А ці не пратэрмінаваная ваша прадукцыя?”

(Спадарыня: ) “Не. Не пратэрмінаваная”.

А які спажывецкі попыт на “левае” харчаваньне? Многія купляюць такія прадукты рэгулярна і ахвотна. Рэч у тым, што на “шэрым” рынку харчаваньне, як правіла, больш таннае. Бо тут абарочваецца прадукцыя, якая не абкладваецца падаткамі. Цяга ж да танных прадуктаў тлумачыцца беднасьцю беларусаў, якія ў сярэднім выдаткоўваюць на харчаваньне да 70 працэнтаў сваіх даходаў.

З другога боку, на легальным рынку – у дзяржаўных крамах і прадпрымальніцкіх шапіках – таксама можна набыць, як мы ўжо чулі ад прадстаўніка міністэрства унутраных справаў, пратэрмінаваную чакаляду “Нікіцін” альбо рыбку “Корушка”. Дарэчы, ня так даўно выкрыты і вытворца “фальшывай” кавы, якая разыходзілася пад папулярнымі маркамі "Nesсafe" і "Moссona". На мініпрадпрыемстве, разьмешчаным за менскай кальцавой аўтадарогай, пасьпелі расфасаваць больш як 25 тон фальсыфікату. Што дзіўна, ніводзін з пакупнікоў не паскардзіўся кантралюючым інстанцыям на якасьць нібыта кавы... Сытуацыю камэнтуе старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша:

(Суша: ) “Калі аналізаваць статыстыку, то раней, гады тры-чатыры, быў вялікі працэнт зваротаў спажыўцоў на якасьць прадуктаў. Тады на Камароўцы гандлявалі гнілой і перамёрзлай рыбай, напрыклад. Яе некалькі разоў замарожвалі, потым яна адтайвала, потым яе зноў замарожвалі. І калі спажывец прыносіў дадому, смажыў, то, вядома, які гэта быў “пах”. Але час ідзе і за сакавік стала менш гэтых праблемаў. Я лічу, што канкурэнцыя робіць добрую справу”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, калі ласка, гэта тычыцца сталіцы альбо і рэгіёнаў?”

(Суша: ) “Не. Там вельмі цяжэй, асабліва ў вёсках. Там будзе ляжаць прадукт, пернікі, напрыклад, да таго часу, пакуль іх не рэалізуюць. Гэта вельмі праблематычна. І вось наша задача і мэта навучыць і вясковага спажыўца паважаць сябе ў першую чаргу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG