Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 траўня ў Курапатах прайшла талака напярэдадні Радаўніцы


Ганна Соусь, Урочышча Курапаты 4 траўня ва ўрочышчы Курапаты актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, таварыства “Мэмарыял” і “Мартыралёгу Беларусі” наладзілі талаку напярэдадні Радаўніцы. Яны таксама ўсталявалі мэмарыяльны знак на адным з курапацкіх пахаваньняў, у якім знаходзіліся парэшткі 260 чалавек.

Мэмарыяльны знак – таблічка была прымацаваная да крыжа ля гэтак званай 5-ай магілы, якую эксгумавалі ў 1988 годзе Зянон Пазьняк і Мікола Крывальцэвіч. Паводле падлікаў экспэртаў, там было расстраляна каля 260 чалавек. Магіла мела 2 мэтры глыбіні. Археолягі прыйшлі да высновы, што тут былі расстраляныя жыхары Заходняй Беларусі. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Для нас гэта 260 ахвяраў сталінскага тэрору. Калі мы ідзем у лес і наступаем на чарговую яміну ці пахаваньне, і там стаіць крыж, то гэты сымбалічна. Калі мы ведаем, што тут 260 загіблых, то гэта заклікае да памяці пра гэтых людзей. Таму прапаную ўшанаваць памяць усіх загіблых хвілінай маўчаньня”.

Ушанаваць памяць ахвяраў сталінскага тэрору сёньня прыйшлі і навучэнцы Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Гаворыць Яўген Воўк.

(Воўк: ) “Сапраўды, гэта вельмі значная падзея, вельмі драматычная, і я думаю, што кожны беларус павінен выказваць салідарнасьць праз сваю прысутнасьць, спрыяць увекавечаньню памяці людзей, якія тут загінулі”. Працягвае старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч.

(Тарасевіч: ) “Трэба заяўляць, трэба крычаць на ўвесь сьвет пра гэта, і даўно трэба крычаць. Раней ўсё маўчалі, маўчалі, і я вельмі рада, што цяпер разгаварыліся, бо можна так і задолхнуцца, калі будзеш маўчаць”.

Далей прадстаўнікі ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты”, суполкі “Мартыралёг Беларусі” і беларускага прадстаўніцтва таварыства “Мэмарыял” добраўпарадкавалі тэрыторыю ўрочышча напярэдадні Радаўніцы. Я падыходжу да Валянціны Вяргей, Раісы Крывальцэвіч і Ноны Васілеўскай, якія садзяць кветкі ля гэтак званай “лавы Клінтана” – мэмарыяльнага знаку “Ад народу Злучаных Штатаў народу Беларусі дзеля памяці”.

(Васілеўская: ) “Зразумела, што вельмі сумны тут настрой заўжды, калі прыходзім. Але ж хочацца, каб людзі прыходзячы сюды, бачылі, што жыхары Беларусі памятаюць ахвяры бальшавізму і прыбіраюць іх магілы. Каб памяць не зьнікла”.

Як паведаміў Радыё Свабода Ігар Кузьняцоў, да 30 траўня працягваецца конкурс на лепшы надпіс на мэмарыяльным знаку. Ён будзе ўсталяваны на месцы скрадзенай летась таблічкі, на якой было напісана, што ў Курапатах рашэньнем Савету міністраў БССР будзе ўсталяваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Галоўная ўмова конкурсу – надпіс павінен быць прысьвечаны памяці ўсіх ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG