Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Бандажэўскі пераведзены на працу ў новае месца ў Лідскім раёне


Алесь Дашчынскі, Менск Зьняволены прафэсар Юры Бандажэўскі пераведзены на працу ў сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў “Беліца-агра” у Лідзкім раёне. На ранейшым месцы працы, у калгасе “Нёман” сказалі, што прафэсар Юры Бандажэўскі там больш не працуе.

Нагадаю, сусьветнавядомаму вучонаму знайшлі месца вартаўніка з месячным заробкам прыблізна ў 30 тысячаў рублёў. Але нечакана кіраўнік прадпрыемства вырашыў скасаваць адмысловую дамову з папраўчай калёніяй–пасяленьнем № 26.

Тады адміністрацыя пачала шукаць для прафэсара Бандажэўскага новае месца працы. Цяпер спадар Юры, пасьля таго як ён адпрацаваў год, знаходзіцца ў двухтыднёвым адпачынку. Пасьля гэтага ён мусіць пераехаць у СВК “Беліца-агра”. Выканаўца абавязкаў начальніка калёніі Валянцін Тумілевіч не патлумачыў, чым канкрэтна будзе там займацца прафэсар.

(Тумілевіч: ) “Мы знайшлі ўжо хату, перавязём яго бліжэй да Беліцы, так што не перажывайце, будзе ў Беліцы.

(Карэспандэнт:) "Якая там праца, не падкажаце?"

(Тумілевіч: ) “Пакуль не магу сказаць, не ведаю сам яшчэ. У калгасе як жыў так і будзе жыць, каля Нёмана таксама, так што ўсё нармальна, не прападзе ён тут ”.

Старшыня СВК “Беліца-агра” Іван Дмухоўскі ўжо чакае свайго новага працаўніка - прафэсара Бандажэўскага.

(Дмухоўскі: ) “Пакуль мы вызначаемся з жыльлём, аб працы мы пакуль не размаўлялі. Вырашаем пытаньне з жыльлём, каб можна было з ім крыху вызначыцца, а прыедзе, тады вызначымся з працай ”.

Выканаўца абавязкаў начальніка калёніі Валянцін Тумілевіч не выключае, што Юры Бандажэўскі патрапіць пад амністыю. Паводле Тумілевіча, амністыя, чакаецца, будзе падпісана 6 траўня.

Акрамя прафэсара Бандажэўскага у месцах зьняволеньня знаходзяцца палітычныя вязьні - Міхаіл Марыніч, Валеры Леванеўскі, Аляксандар Васільеў й іншыя. Ці патрапяць яны пад амністыю? Адмыслоўцы цьвердзяць, што наўрад ці яны будуць вызваленыя, хаця аўтаматычна адзін год тэрміну можа быць скасаваны.
XS
SM
MD
LG