Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя знайшлі невядомае пахаваньне ў менскім парку Чалюскінцаў<b/>


Севярын Квяткоўскі, Менск Парэшткі людзей месьціліся побач з братняй магілай савецкіх ваеннапалонных. Больш за тыдзень прадстаўнікі розных уладных структураў не маглі вызначыць, хто мусіць заняцца знаходкай. Чаму марудзяць улады, і хто ў Беларусі мусіць займацца лёсам знойдзеных парэшткаў?

Рабочыя сьпяшаюцца скончыць рэканструкцыю пляцоўкі перад помнікам “Маці ў журбе”.

(Рабочы: ) “Былі дзесьці каля тых кусьцікаў, каля той дарожкі”.

Пра знаходку грамадзкасьці паведаміў Аляксей Сігаеў, які зьвярнуўся да аб’яднаньня “Гісторыка”. Аляксей Сігаеў — прараб будаўнічага ўпраўленьня №67, якое ладзіць гранітныя работы на месцы братняй магілы.

(Сігаеў: ) “Мне паказалі выкапаныя два чарапы і косткі. Зь Міністэрства культуры і зь Міністэрства абароны затэлефанавалі, сказалі, каб прыпынілі работы, маўляў, высылаюць спэцыяліста. Як вынік, пару дзён нікога не было, і будаўнікі былі вымушаныя гэтыя косткі прыкапаць. Так што нашым міністэрствам усё бяз розьніцы”.

Спэцыяліст Упраўленьня па ахове помнікаў Міністэрства культуры Натальля Сьверш заяўляе, што паінфармавала кіраўніцтва рабочых пра неабходныя захады:

(Сьверш: ) “Па-першае, ім трэба было зьвярнуцца ва ўпраўленьне па ўвекавечаньні вайсковых пахаваньняў Міністэрства абароны. Я іх накіравала туды. У Менгарвыканкам накіравала. У нас ёсьць інспэктар па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, які сочыць за ўсімі работамі, якія праводзяцца на тэрыторыі Менску, — Уладзімер Папруга”.

chalusk_mohilki

Уладзімер Папруга цьвердзіць, што гісторыя са знаходкай людзкіх парэшткаў па-за ягонай кампэтэнцыяй:

(Папруга: ) “У маёй кампэтэнцыі знаходзяцца гістарычна-культурныя каштоўнасьці, унесеныя ў дзяржаўныя сьпісы. І тое, што вартае ўключэньня ў дзяржаўныя сьпісы”.

(Сьверш: ) “Тэрыторыя парку Чалюскінцаў уключаная ў дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь”, — аспрэчыла Натальля Сьверш.

Што да знаходкі ў парку Чалюскінцаў, невядома, ці гэта савецкія ваеннапалонныя, ці расстраляныя НКВД, ці паваеннае крымінальнае захаваньне.

Дырэктар аб’яднаньня “Гісторыка” Зьміцер Рагачоў падкрэсьлівае, што ёсьць зьвесткі пра вялікі маштаб масавых пахаваньняў ваеннапалонных і рэпрэсаваных на тэрыторыі цяперашняга парку Чалюскінцаў:

(Рагачоў: ) “Колькі там гэтых пахаваньняў — тэма асабліва не дасьледаваная. І фактычна ў нашым разуменьні гэта адпачынак на касьцях забітых людзей”.

4 траўня рабочыя нарэшце атрымалі станоўчы адказ зь Міністэрства абароны. Кажа галоўны інжынэр падрадчыка, што парадкуе парк:

(Інжынэр: ) “Да сьвяткаваньня ня будзем нічога раскопваць: весьці работы па перазахаваньні. А пасьля 9 траўня прыедуць і возьмуцца за працу”.

Кіраўнік Упраўленьня Міністэрства абароны ў справе мэмарыялізацыі пахаваньняў Віктар Шумскі патлумачыў, што звычайна Мінабароны ў справе пахаваньняў рэагуе толькі на афіцыйныя звароты адпаведных сілавых ведамстваў. Але ў дадзеным выпадку на хуткае рашэньне паўплывалі званкі журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG