Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера фільма “Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі” адкладзеная


Галіна Абакунчык, Менск Сёлета спаўняецца сорак гадоў фільму “Альпійская баляда”, зьнятаму на кінастудыі “Беларусьфільм” паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава. Аднак у перадсьвяточнай праграме Беларускага тэлебачаньня і плянах пракату менскіх кінатэатраў гэтай стужкі няма. На няпэўны тэрмін адкладзеная таксама прэм’ера дакумэнтальнага фільма “Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі”.

У гонар 60-годзьдзя перамогі Беларускае тэлебачаньне пакажа толькі асобныя фільмы, зьнятыя паводле твораў Васіля Быкава. Пра “Альпійскую баляду” супрацоўніца прэсавай службы Іна Кульбіцкая паведаміла:

(Кульбіцкая: ) “Гэтага фільма ў нас няма ў праграме, ёсьць іншыя. Ёсьць “Знак бяды”, “Чаканьне палкоўніка Шалыгіна”, “Ляцяць журавы” — вельмі шмат фільмаў”.

Паводле спадарыні Кульбіцкай, 9 траўня Беларускае тэлебачаньне пакажа прэм’еру фільма “Вам заданьне”, зьнятую паводле сцэнара дэпутата Савету рэспублікі Мікалая Чаргінца. Найчасьцей гэты фільм сустракаецца і ў праграме прэм’ерных паказаў менскіх кінатэатраў. Вось што паведаміў “Свабодзе” намесьнік старшыні Саюзу кінэматаграфістаў Сяргей Шульга:

(Шульга: ) “Пачнем з галоўнага фільма: заўтра а 10-й раніцы прэзыдэнт глядзіць ў кінатэатры “Кастрычнік” фільм “Глыбокая плынь”. Сёньня ў радыётэхнічным каледжы мы паказваем фільм “Вам заданьне” паводле Чаргінца. Заўтра “Вам заданьне” будзе ў кінатэатры “Перамога”. “Яшчэ пра вайну” — рэжысэр Пётар Крывастаненка. З прэм’ераў — усё”.

Паводле спадара Шульгі, спачатку ў плянах прэм’ернага паказу значыўся таксама кароткамэтражны фільм “Васіль Быкаў. Франтавыя старонкі”. Аднак затым ён чамусьці быў зьняты. Дырэктар Беларускага відэацэнтру, дзе здымалася стужка, Іван Колбін сьцьвярджае, што першы паказ стужкі ўжо адбыўся. Аднак рэжысэр фільма Станіслаў Гайдук паведаміў, што насамрэч прэм’ера была сарваная. Гаворыць Станіслаў Гайдук:

(Гайдук: ) “Я хацеў зрабіць прэм’еру, але мне не дазволілі: паперкі не было зь Дзяржрэгістру, які дазваляе паказ. Наўрад ці да 9 траўня будзе што. Пакажуць, але пазьней”.

Давол Дзяржрэгістру на пракат не атрымалі таксама аўтары кінастужак “Васіль Быкаў. Рэквіем” і “Васіль Быкаў. Вяртаньне”. Чаму ўлады асьцерагаюцца дэманстраваць кінастужкі, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Васіля Быкава, гаворыць аўтар адной з забароненых работ Віктар Корзун:

(Корзун: ) “Што ў савецкі час Быкава ганілі за праўду акопную, што і цяпер баяцца. Само прозьвішча Быкава для ўладаў ёсьць небясьпекай, бо яно нагадвае ня толькі пра асобу пісьменьніка, але і пра пазыцыю грамадзяніна, які ня згодны зь цяперашнімі беларускімі рэаліямі і беларускай палітыкай”.

Паводле спадара Корзуна, прэм’ерны пракат ягонага фільма “Васіль Быкаў. Вяртаньне” адбыўся ў Варшаве. Ён двойчы быў паказаны нацыянальным тэлебачаньнем Літвы. Сярод менскіх кінатэатраў толькі ў “Піянэры” на 4 траўня заплянаваны паказ кароткамэтражных фільмаў паводле твораў Васіля Быкава — “Пайсьці і не вярнуцца”, а таксама “Пастка”.

Паводле твораў Васіля Быкава ў розныя гады былі пастаўленыя такія кінафільмы, як “Трэцяя ракета”, “Альпійская баляда”, “Дажыць да сьвітаньня”, “Воўчая зграя”, трохсэрыйны тэлефільм “Доўгія вёрсты вайны”, “Абэліск”, “На Чорны лядах”, а таксама кароткамэтражны фільм “Пастка”. Таксама пастаўленыя спэктаклі ў розных тэатрах Менску і Масквы.
XS
SM
MD
LG