Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура апратэставала вынесеныя ўкраінцам прысуды


Любоў Лунёва, Менск Менская пракуратура апратэставала пастановы Ленінскага і Цэнтральнага раённых судоў, паводле якіх былі арыштаваныя грамадзяне Ўкраіны за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка. Пракуратура аргумэнтавала гэта тым, што пакараньне было жорсткім, і запатрабавала зьмякчыць прысуды. Нагадаем, што 30 красавіка 14 арыштаваных грамадзянаў Расеі пакінулі Беларусь, згодна з пратэстам пракуратуры і рашэньнем гарадзкога суду

2 траўня старшыня Менскага гарадзкога суду Міхаіл Ардзяка разглядаў справы пяці ўкраінскіх грамадзянаў. Яны зьяўляюцца сябрамі моладзевага руху “Нацыянальны альянс” і адмыслова прыехалі з Украіны, каб узяць удзел у “Чарнобыльскім шляху”. Іх затрымалі 26 красавіка падчас разгону мірнай дэманстрацыі разам з 14 расейцамі і двума дзясяткамі беларускіх грамадзянаў. На наступны дзень былі суды. За кратамі апынуліся 8 грамадзянаў Беларусі, 14 — Расеі і 5 грамадзянаў Украіны.

У камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка ўкраінцы абвясьцілі галадоўку. Сярод іх дэпутат мясцовага савету і дарадца па Беларусі ў Валынскай вобласьці Ігар Гузь, Андрэй Бокач, Аляксандар Мафлай, Аляксей Панасюк і Андрэй Грамалюк. Консул украінскай амбасады Васіль Сэрдэга зьвярнуўся з заявай у суд, каб перагледзелі адміністрацыйныя справы арыштаваных украінцаў. Нягледзячы на тое, што справы прынесьлі на стол старшыні суду напачатку працоўнага дня, ён да 18-й гадзіны не абвяшчаў рашэньня прадстаўнікам амбасады і журналістам. У выпадку, калі б суд скасаваў пакараньні, то арыштаваных грамадзянаў Украіны трэба было б адпусьціць цягам гадзіны. Назіральнікі адзначаюць, што суд дзейнічаў паводле адпрацаванай схемы.

Так было 30 красавіка, калі вызвалілі грамадзянаў Расеі. Вызваленьне па-сутнасьці нагадвала дэпартацыю: людзей за гадзіну да цягніка пасадзілі ў амонаўскі аўтобус і прывезьлі ў амбасаду. Там толькі пасьпелі ўсім раздаць квіткі і ўжо на службовым аўтобусе адвезьлі да цягніка. У расейцаў было літаральна некалькі хвілінаў, каб нешта сказаць журналістам і сваім паплечнікам.

Сябры “Маладога фронту” дзяжураць ля сьценаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, каб упільнаваць, калі іх сяброў з Украіны павязуць на вакзал. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Каля спэцпрыёмніка дзяжураць сябры “Маладога фронту”, каб упільнаваць той момант, калі ўкраінскіх актывістаў будуць вывозіць. Калі вывозілі расейцаў, мы чакалі, што і ўкраінцаў павезьлі разам зь імі. На жаль, украінскіх сяброў яшчэ два дні трымалі ў спэцпрыёмніку. Мы ня ведаем, ці адпусьцяць нашых украінскіх партнэраў, але спадзяемся, што гэта адбудзецца сёньня. Вось і чакаем”.

Цягнік ва Ўкраіну адыходзіць а 9-й вечара. Таму ўсе спадзяюцца, што ў выпадку станоўчага рашэньня паплечнікі пасьпеюць аддаць украінскім грамадзянам іх рэчы, якія тыя пакінулі ў сваіх сяброў з “Маладога фронту”.

Што тычыцца васьмі беларускіх грамадзянаў, якія адбываюць пакараньне за кратамі спэцпрыёмніка, то пракуратура не палічыла, што ў дачыненьні да іх суд вынес празьмерна жорсткае пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG