Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу намесьніка дырэктара ААТ “Полацак-Шкловалакно” Г.Дзямідава


Браніслава Станкевіч, Віцебск Калегія Віцебскага абласнога суду не задаволіла касацыйную скаргу адносна перагляду справы намесьніка генэральнага дырэктара ААТ “Полацак-Шкловалакно” Генадзя Дзямідава. Нягледзячы на гэта, ягоны адвакат заявіў, што гатовы адстойваць інтарэсы свайго падабароннага ў вышэйшых судовых інстанцыях, бо лічыць рашэньне Наваполацкага раённага суду – восем гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці – неапраўдана жорсткім.

Нагадаем, што 23-га лютага сёлета намесьнік генэральнага дырэктара ААТ “Полацак-Шкловалакно” Генадзь Дзямідаў быў асуджаны за атрыманьне грашовага хабару ад кіраўніка нямецкай фірмы “Ламітэк” Вольдэмара Ройсьвіха. Сам спадар Дзямідаў факт атрыманьня хабару рашуча адмаўляў, хоць і прызнаваў, што на ягоны замежны банкаўскі рахунак час ад часу пералічваліся грошы за аказаньне пэўных працоўных паслугаў.

Сёньня да ўвагі судовай калегіі было прадстаўленае хадайніцтва працоўнага калектыву з просьбай перагледзець справу былога намесьніка дырэктара, якое падпісалі каля 700 супрацоўнікаў “Шкловалакна”. Аднак сьледам за гэтым дакумэнтам судзьдзя Гурко зачытаў скаргу ў абласную пракуратуру, дзе паведамлялася пра тое, што подпісы шараговых працаўнікоў зьбіраліся пад прымусам.

Абаронца Генадзя Дзямідава настойваў на тым, што акалічнасьці справы былі недастаткова вывучаныя Наваполацкім гарадзкім судом і абвінавачаньне базавалася на супярэчлівых паказаньнях галоўнага сьведкі – Вольдэмара Ройсьвіха, аб’ектыўнасьць якога выклікае сумневы, бо на цяперашні момант на яго самога заведзеныя прынамсі дзьве крымінальныя справы.

Але судовая калегія, падтрымаўшы пазыцыю абласное пракуратуры, засьведчыла рацыю суду першай інстанцыі, і ў пераглядзе справы Генадзя Дзямідава адмовіла. Арыштаваны 17-га сакавіка мінулага году былы намесьнік дырэктара Акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” мусіць адбыць на прызначанае мейсца пакараньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG