Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры ўнутраных справаў краінаў СНД сустрэліся ў Берасьці


Алег Супрунюк, Берасьце Затрыманыя ў Беларусі жыхары Чачэніі, якіх падазраюць у тэрарыстычнай дзейнасьці, неўзабаве могуць апынуцца ў Расеі. Пра гэта заявіў міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў у часе сустрэчы са сваімі калегамі зь іншых краінаў СНД.

Паводле словаў Уладзімера Навумава, пытаньне аб экстрадыцыі чачэнцаў на тэрыторыю Расеі будзе вырашана, калі пацьвердзіцца інфармацыя пра тое, што яны сапраўды былі актыўнымі ўдзельнікамі ўзброеных груповак. Спадар Навумаў таксама заявіў, што наўрад ці гэтыя асобы шукаюць прытулку ў Беларусі і зьбіраліся пакінуць межы краінаў СНД.

Дарэчы, сёньняшняя сустрэча міністраў унутраных справаў краінаў СНД у Берасьці была прысьвечаная менавіта супрацьдзеяньню транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьці і міжнароднаму тэрарызму, а таксама барацьбе зь незаконным абаротам наркотыкаў. Як адзначалася на паседжаньні, за мінулы год у Беларусі было выяўлена два выпадкі захопу закладнікаў і тры выпадкі выкраданьня людзей. Акрамя таго, паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, была спыненая адзіная спроба заказнога забойства.

Подпісы пад узгодненымі дакумэнтамі паставілі прадстаўнікі дзесяці краінаў, міністар унутраных справаў Украіны рабіць гэта адмовіўся. Юры Луцэнка спаслаўся на тое, што гэтыя дакумэнты спачатку мусяць прайсьці экспэртызу ў міністэрствах юстыцыі і замежных справаў Украіны. Не падпісалі дакумэнт і прадстаўнікі Туркмэністану, якія проста не прыехалі ў Беларусь.

У часе знаходжаньня ў Берасьці міністры ўнутраных справаў краінаў СНД таксама назіралі за вучэбна-баявой апэрацыяй, якая ставіла за мэту прадэманстраваць гатоўнасьць сілавых структураў Беларусі супрацьстаяць спробам захопу закладнікаў і незаконным дзеяньням узброеных мігрантаў. Выканаўцамі гэтай паказальнай апэрацыі былі супрацоўнікі адмысловага падразьдзяленьня “Алмаз”. Як адзначылі некаторыя адмыслоўцы, байцы гэтага падразьдзяленьня могуць выкарыстаць свой досьвед і ў іншых выпадках (напрыклад, у часе масавых акцыяў непадпарадкаваньня).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG