Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалы травы падвышаюць узровень радыяцыі


Сьвятлана Курс, Менск У Беларусі працягваюцца падпалы травы, за якія прадугледжаная адміністрацыйная ды крымінальная адказнасьць. У прычарнобыльскіх рэгіёнах такое зьнішчэньне дзірвану прыводзіць да падвышэньня роўню радыяцыі ў некалькі разоў. Нягледзячы на высілкі мясцовых уладаў, людзі перакананыя, што падпал карысны для гаспадаркі.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя зьвярнулася да людзей з заявай пра тое, што падпалы – экалягічнае бедзтва для краіны. Ад іх зьбядняецца глеба, у паветра трапляюць вуглякіслы газ і цяжкія мэталі, гінуць расьліны і жывёлы. Гінуць тарфянікі і лясы. І галоўнае – рэзка падвышаецца радыяцыйны ровень у прычарнобыльскіх рэгіёнах.

Карэспандэнт “Свабоды” Ягор Маёрчык гутарыць з жанчынаю, якая паліць траву ў вёсцы Охар, што на Брагіншчыне.

(Жанчына: ) “Здароўе нядобрае. 7 апэрацый перанесла. Вядома, радыяцыя”.

(Карэспандэнт: ) “Мы з вамі проста ў дым сталі. Давайце адыдзем. Мэдыкі ці нехта іншы казаў, колькі ў вас забруджаньня?”

(Жанчына: ) “Хто вам скажа? Ну, а каб і сказалі, што вялікая радыяцыя, што, нам лягчэй стане ад гэтага?”

(Карэспандэнт: ) “Ну, хоць ня будзеце траву паліць. Таксама радыяцыя падвышаецца. Дарэчы, нашто вы яе паліце?"

(Жанчына:) “Каб чыста было. Ну, ад грама не падымецца, гэта ж ня страшна, гэта ж трошкі".

Супрацоўніца Брагінскай мэтэастанцыі Наталя Нікіценка штодня сочыць за ўзроўнем радыяцыі.

(Нікіценка: ) “Сёньня а дзевятай раніцы мы даем зьвесткі – 64 мікрарэнтгены ў гадзіну. А трэба да 20. Спальваюць траву, што катэгарычна забаронена. У канцы 1980-х было ўказаньне выносіць сьмецьце на вуліцу, езьдзілі спэцыяльныя машыны, сьмецьце спальвалі. Цяпер гэтага ня робіцца.

Восеньню, калі калгасы палілі пожню, а на падворках людзі палілі бульбавіньне, вельмі рэзка падвысіўся фон. Я выбарку рабіла і насіла ў райвыканкам. Кажу: трэба тэрмінова прымаць меры, забараніць. Яны папярэджваюць, што будуць караць, аднак караюць рэдка. Бо ў камунгасе няма грошай, каб машыны езьдзілі і зьбіралі сьмецьце, таму людзі спальваюць. І суседзі мае насілі сьмецьце на вуліцу – ляжыць куча, ніхто яе не забірае, ды тады і спальваюць. Неяк апусьцілі ўсе рукі, калі сказалі, што тут чыстая зона. Скардзяцца, што пахіснулася здароўе. І нават дзеці стаяць на ўліку са шчытападобнай залозай і сэрцам. Ідуць у групах рызыкі”.

Гомельскі аблвыканкам прыняў праграму супраць падпалу травы ў вобласьці. Супрацоўнікі МНС праводзяць рэйды, тлумачаць людзям шкоду падпалаў, кажа Руслан Габрылёў, супрацоўнік прэс-службы Гомельскага ўпраўленьня МНС.

(Габрылёў: ) “У гарачыя дні па 2,5 – 3 га на дзень гарэла. За першыя цёплыя выходныя тыдзень-паўтары таму адразу 12 га згарэла. Тут існуе супярэчнасьць невялікая. Улады, сельсаветы патрабуюць, каб тэрыторыя, прысядзібныя ўчасткі былі прыбраныя па вясьне. І бабулькі старыя кажуць: я старая, няма сілаў ямы выкапаць, закапаць. Вывезьці гэта ўсё сродкаў няма, а паліць забараняюць пажарныя”.

Супрацоўнікі МЧС кажуць, што сёлета гарэлі дамы і надворныя пабудовы, але ахвяраў пакуль няма.

Міністэрства па надзвычайных сытуацыях не дае лічбаў пра тое, колькі гектараў выгарала і колькі зафіксавана выпадкаў падпалу травы па краіне. Даводзіцца карыстацца пазалеташнімі зьвесткамі. Да канца красавіка 2003 г. адбылося 270 пажараў, у якіх загінулі два чалавекі. Супрацоўнік Берасьцейскага ўпраўленьня МНС Сяргей Машноў у інтэрвію “Савецкай Белоруссии” заявіў: “Усё паказвае на тое, што гэта плянавыя падпалы, за якімі стаяць распараджэньні нейкіх кіраўнікоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG