Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22 красавіка – Дзень Зямлі


Галіна Жарко, Менск 22 красавіка ў сьвеце адзначаецца дзень Зямлі. Міжнародная супольнасьць чарговы раз зьвяртаецца да праблемаў навакольнага асяродзьдзя ў маштабах усёй плянэты. Беларусь не ратыфікавала шэраг экалягічных канвэнцый ААН. Пра экалягічныя праблемы ў Беларусі й дзейнасьць беларускіх “зялёных” – у матэрыяле нашай карэспандэнткі.

Назоў "экалёгія" ўжывацца з 1866 году. Біёляг Эрнст Гекель назваў так узаемадзеяньне паміж жывымі істотамі й асяродзьдзем. Сам панятак "экалёгія" паходзіць з грэцкіх каранёў і азначае "вучэньне пра гаспадарку". Ён вельмі блізкі да панятку эканомікі. З эканамічнага пункту гледжаньня, прырода – гэта радовішча сыравіны й рэзэрвуар для адкідаў.

Паводле эколягаў, маштабы ўмяшаньня ў навакольнае асяродзьдзе ўжо ставяць чалавецтва на мяжу выжываньня.

Што тычыцца Беларусі, дык у 2004 годзе сьмяротнасьць перавысіла нараджальнасьць на 49 тысяч. Дэмаграфічны крызыс старшыня партыі “зялёных” і грамадзка-сацыяльнага аб’яднаньня “Зялёны сьвет” Алег Грамыка таксама зьвязвае з экалягічнымі праблемамі.

(Грамыка: ) “У нас рэкордная сьмяротнасьць і ў той жа час у нас рэкордныя ўраджаі. Чаму ж такая сьмяротнасьць? Нядаўна мне давялося быць у Брагінскім і Хойніцкім раёнах. У Хойніках працуе аграмадны завод па перапрацоўцы малака. Пакуль мы там былі, прывозілі з заражаных раёнаў малако. Проста пры нас. Мы распытвалі кіроўцаў. Гэтае масла, малако, сьмятана, якое развозіцца па ўсёй Беларусі, яго няможна спажываць. Гэта кожнаму зразумела”.

Партыя “зялёных” адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду вылучыла Аляксандра Мілінкевіча. Вось ягонае меркаваньне.

(Міленкевіч: ) “Каб да ўлады прыйшлі дэмакратычныя сілы, яны б стварылі сыстэму экалягічнага маніторынгу. Самай галоўнай праблемай я лічу тое, што ў нас няма грамадзкага кантролю над экалёгіяй. Дзяржава манапалізуе як і іншыя накірункі дзейнасьці, і гэты таксама. Гэта праблема – самая галоўная, хоць кожны думае ў першую чаргу пра Чарнобыль”.

Цяпер у Беларусі больш-менш актыўна дзейнічаюць каля трох дзесяткаў няўрадавых экалягічных структур. А гадоў 8-10 таму, кажа Алег Грамыка, беларускія “зялёныя” былі на вышыні, мелі шмат фундатараў. Апошнія зараз баяцца пералічыць грошы на рахунак “зялёных”, якія найперш патрэбныя на выданьне газэты.

Спадзеючыся на дапамогу міжнароднай супольнасьці ў пераадоленьні наступстваў Чарнобылю, Беларусь тым ня менш не ратыфікавала шэраг канвэнцыяў ААН. Вельмі марудна праходзяць праз парлямэнт пагадненьні, што тычацца біялягічнай разнастайнасьці, аб ахове азонавага слою, аб зьмяненьні клімату.

Сярод найбольш важных накірункаў дзейнасьці спадар Грамыка назваў найперш супрацьдзеяньне будаўніцтву атамнай станцыі.

(Грамыка: ) “Хочацца сказаць: пафарбуйце 2 ветравыя электрастанцыі, што стаяць і ржавеюць пад Менскам. Адну зь іх падаравалі немцы. Магчыма выкарыстаньне энэргіі ветру стане самым пэрспэктыўным”.

Будаўніцтва й абслугоўваньне атамнай электрастанцыі, паводле эколягаў, запатрабуе такіх вялікіх фінансавых укладаньняў, што яе рэнтабэльнасьць выклікае сумнеў. Ня кажучы ўжо пра небясьпеку. Пра гэта цьвердзіць й Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Я ўсё жыцьцё выкладаў фізыку ва ўнівэрсытэце, і з майго пункту гледжаньня гэта вельмі небясьпечна, бо тыя тэхналёгіі, па якіх на постсавецкай прасторы будуюць станцыі, недасканалыя. Я за тое, каб выкарыстоўваць экалягічныя спосабы здабычы энэргіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG