Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкія студэнты ўсталявалі ўсясьветны рэкорд у смажаньні дранікаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У нядзелю ў Беластоку мясцовыя студэнты ўсталявалі рэкорд у смажаньні дранікаў, які будзе ўнесены ў кнігу рэкордаў Гінэса. Цягам 7 гадзінаў 15 хвілінаў было насмажана 4 тысячы 817 дранікаў.

Студэнты вышэйшай школы мэнэджмэнту смажылі дранікі на пляцы каля драматычнага тэатру ў Беластоку – перад гэтым, каля дзесятка удзельнікаў імпрэзы чысьцілі і дзерлі ўручную 200 кіляграмаў бульбы. Да бульбы было дададзена 120 яек, 10 кіляграмаў мукі, шмат цыбулі і соль. Гаворыць адна з удзельніцаў імпрэзы:

(Удзельніца: ) “Цяпер рэдка ўжо дранікі пабачыш, хаця раней, наколькі я ведаю, гэта была самая распаўсюджаная ежа ў нашым рэгіёне”.

Адметна, што дранікі мог пакаштаваць кожны ахвотнік.

(Мінак: ) “Ну гэта як першае і другое разам, вось яшчэ кампотам запіў. Хаця мне падаецца, што кампот – гэта ня той напой, зь якім трэба спажываць дранікі, тут хутчэй пасуе кілішак гарэлкі”.

За колькасьцю дранікаў пільна сачыла адмысловая камісія, якая перадасьць усе матэрыялы ў Лёндан, дзе рэкорд будзе афіцыйна пацьверджаны і ўнесены ў кнігу рэкордаў Гінэса.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG