Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ліцэісты – у Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаву прыехала дэлегацыя настаўнікаў, вучняў і бацькоў вучняў Беларускага гуманітарнага ліцэю на чале з кіраўніком гэтай навучальнай установы Уладзімерам Коласам. Госьці зь Беларусі цягам некалькіх дзён будуць знаёміцца з сыстэмай навучаньня ў польскіх ліцэях, а таксама абмяркоўваць магчымасьці супрацоўніцтва зь імі ды наведваць цікавыя месцы польскай сталіцы.

З-за шматгадзіннай чаргі на беларуска-польскай мяжы, дэлегацыя ліцэю прыехала ў Варшаву са значным спазьненьнем. Нягледзячы на стомленасьць ліцэісты ахвотна дзяліліся ўражаньнямі:

(Ліцэіст: ) “Добра нас тут прымаюць. Бачна, што палякі цікавяцца нашай сытуацыяй, хочуць дапамагчы”.

(Ліцэістка: ) “Мы тут пабачылі машыну з надпісам “вуліца Ван Гога”. Гэта так незвычайна. У нас вуліцы Дзяржынскага, Леніна, а тут Ван Гога, Салідарнасьці. Класна!”

Уладзімер Колас кажа, што ён разам з калегамі перадусім хоча бліжэй пазнаёміцца з арганізацыяй навучальнага працэсу ў польскіх ліцэях. Ліцэістаў запрасіла ў Польшчу аўтарытэтная і ўплывовая арганізацыя Клюб каталіцкай інтэлігенцыі.

(Колас: ) “Мы хочам прапанаваць супрацоўніцтва таксама і з нашай Радай беларускай інтэлігенцыі. Мэты ў нас агульныя і ў нас ёсьць чаму павучыцца ў польскага Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі” .

Марэк Кіляноўскі з Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі кажа, што сябры ягонай арганізацыі даведаліся пра трагічную сытуацыю Беларускага гуманітарнага ліцэю з прэсы і былі ўражаныя мужнасьцю настаўнікаў, ліцэістаў і іхных бацькоў.

(Кіляноўскі: ) “Дзеці наведвалі ўпотай польскія заняткі ў Польшчы ў часе акупацыі, рызыкуючы жыцьцём. Цяпер нашыя дзеці вывучаюць гэта ў падручніках – гэта для іх гісторыя, легенда. А тут, аказваецца, такі самы прыклад можна назіраць у нашыя часы зусім блізка. Перадусім гэта прыклад, як можна хацець вучыцца нягледзячы ні на што”.

На пытаньне, ці абмяркоўваліся нейкія пляны дапамогі ліцэю з польскага боку, Уладзімер Колас адказаў:

(Колас: ) “Я б не хацеў на гэтую тэму шмат казаць, беручы пад увагу сытуацыю, у якой знаходзіцца наш ліцэй і ўвогуле сытуацыю з выездам за мяжу беларускай моладзі”.

Дэлегацыя Беларускага гуманітарнага ліцэю застанецца ў Польшчы да нядзелі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG