Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя аўдыякасэты цяпер можна памяняць на запісы беларускіх выканаўцаў


Алег Супрунюк, Берасьце На Берасьцейшчыне зь сёньняшняга дня распачынаецца акцыя “Гукі” з мэтай папулярызаваць беларускамоўную музыку ў моладзевым асяроддзі.

Зь ініцыятывай правесьці акцыю “Гукі” выступіла Берасьцейскае моладзевае грамадзкае аб’яднаньне “Сузор’е”. Паводле словаў яе кіраўнікоў, акцыя накіраваная на папулярызацыю беларускамоўнай музыкі сярод берасьцейскай музыкі. Сэнс яе даволі просты: любы малады чалавек можа абсалютна бясплатна абмяняць непатрэбныя ўжываныя аўдыёкасэты на аналягічныя касэты з запісамі беларускіх музыкаў. Прычым гэтая музыка можа быць зусім розных накірункаў – ад бардаў Шалкевіча ды Бартосіка да папулярных “Нэйрадзюбеля” ці “Крамы”.

Адзіная ўмова: касэты павінны быць у рабочым стане і здатныя да перазапісу. Арганізатары запэўніваюць, што любы малады чалавек знойдзе ў іх музыку на свой густ, бо аўдыяархіў “Сузор’я” налічвае больш за 500 гадзінаў беларускамоўнай музыкі.

Зь нядаўняга часу існуе загад Міністэрства інфармацыі, каб на беларускіх FM-радыёстанцыях гучала да 75 адсоткаў беларускай музыкі. Як успрымаюць такі загад заўзятары беларускай музыкі ў Берасьці? У аб’яднаньні “Сузор’е” мне паведамілі, што гэты загад ня варта ўспрымаць, як захады па папулярызацыі беларускай музыкі, бо найбольш вядомыя і таленавітыя выканаўцы адлучаныя ад эфіру. І зроблена гэта ў адпаведнасьцю з загадам Міністэрства інфармацыі. Вось што на гэты конт паведаміў старшыня аб’яднаньня “Сузор’е” Зьміцер Шыманскі:

(Шыманскі: ) “Такія гурты, як “NRM”, “Нэйрадзюбель”, “Палац” чамусьці ў рэкамэндаваным cьпісе Міністэрства інфармацыі адсутнічаюць. І я мяркую, што ў многіх беларускіх маладых людзей можа скласьціся ўражаньне, што сапраўднай якаснай беларускай музыкі проста не існуе. Вось якая пагроза. І супраць гэтай пагрозы мы выступаем дзякуючы гэтай акцыі”.

На які пэрыяд разьлічаная гэтая акцыя і ці будуць ужывацца ў часе яе нейкія элементы цэнзуры? На пытаньне наконт цэнзуры спадар Шыманскі адразу адказаў, што ніякіх абмежаваньняў не існуе. Жадаючыя могуць атрымаць пачас акцыі любы запіс беларускіх выканаўцаў. Што тычыцца тэрмінаў, акцыя мусіць працягвацца да 1 чэрвеня, але кіраўнікі “Сузор’я” ня выключаюць, што, калі гэта будзе мець розгалас сярод берасьцейскай моладзі, яна будзе падоўжана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG