Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады абвінавацілі амэрыканскага дыплямата ў махлярстве


Уладзімер Глод, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала ноту на адрас амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі. У ёй МЗС падкрэсьлівае недапушчальнасьць дзеяньняў з боку супрацоўніка дыпляматычнай місіі Эрана Даўе, які нібыта дапусьціў махлярства і падман.

Намесьнік кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Руслан Есін сёньня пацьвердзіў перадачу ноты ў амбасаду Злучаных Штатаў з нагоды дзеяньняў былога трэцяга сакратара Эрана Даўе. Але ў чым ён канкрэтна абвінавачваецца, спадар Есін не паведаміў, спаслаўшыся на адмысловы рэжым працы зь некаторымі дакумэнтамі.

(Есін: ) “Я хацеў бы сказаць, што Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала адпаведную ноту ў амбасаду Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі. З улікам спэцыфікі дыпляматычнай перапіскі я не магу агучыць зьместу гэтай ноты”.

Аднак скандал ужо падхапіла Беларускае тэлебачаньне, якое заявіла, што “МЗС афіцыйна паведаміла амбасадзе пра тое, што праваахоўчыя органы бачаць у дзеяньнях трэцяга сакратара амбасады Эрана Даўе прыкметы складу злачынства, якія прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, — махлярства і загадзя лжывы данос аб наўмысным злачынстве — з карысьлівых памкненьняў”.

БТ сьцьвярджае, што амэрыканскі дыплямат у лютым зьвярнуўся ў міліцыю з просьбаю знайсьці ягоны аўтамабіль “Фольксваген-Гольф”, які нехта скраў. Аднак, як заявіў першы намесьнік кіраўніка Цэнтральнага РУУС Менску Віктар Сырамалот, сьледзтва лічыць, што насамрэч амэрыканец прадаў машыну жыхару Менску “для наступнай рэалізацыі, а атрыманыя грошы, мабыць, патраціў на ўласныя патрэбы”.

Згаданы мянчук, прозьвішча якога не называецца, сьцьвярджае, што ў яго нібыта была з дыпляматам вусная дамоўленасьць, згодна зь якой замежнік добраахвотна перадаў яму сваю машыну. За гэта супрацоўнік амбасады адразу атрымаў палову яе кошту, а другую палову яму трэба было перадаць пазьней наўзамен на ўсе неабходныя дакумэнты на права валоданьня аўтамабілем. Паколькі ён дакумэнтаў не дачакаўся, дык прадаў машыну на запчасткі.

Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб адразу зьвярнуў увагу на адсутнасьць пісьмовых дакумэнтаў у гэтай справе:

(Грыб: ) “Усе вусныя дамоўленасьці застаюцца толькі вуснымі дамоўленасьцямі і ня могуць выкарыстоўвацца ў судовых справах. Яны не даказаныя. Мы гаворым пра грамадзянскую справу, але і па іншых справах вусная дамоўленасьць нічога не вызначае”.

Што ж тычыцца самога Эрана Даўе, дык ён ужо пакінуў Беларусь у сувязі з заканчэньнем сваёй дыпляматычнай місіі. У амбасадзе Злучаных Штатаў Амэрыкі мне паведамілі, што камэнтароў да гэтай гісторыі у іх пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG