Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 красавіка ў Рыме адбываецца пахаваньне Яна Паўла ІІ - што думаюць беларусы?


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Ватыкане ў базыліцы сьвятога Пятра аб 11-й гадзіне паводле менскага часу пачалася цырымонія пахаваньня папы рымскага Яна Паўла ІІ. Якое значэньне асобы пантыфіка ў гісторыі, рэлігіі й культуры Беларусі й сьвету? Гэтае пытаньне вядомым у краіне літаратарам, палітыкам і грамадзкім дзячам задавала наша карэспандэнтка.

Людзі рознага веку й заняткаў пра асобу Яна Паўла ІІ выказваліся рознымі словамі. Да прыкладу, палітык і грамадзкі дзеяч Людміла Гразнова параўноўвае сёньняшнюю сытуацыю ва ўсім сьвеце са становішчам у Беларусі:

(Гразнова: ) “Мы глядзім, як увесь сьвет схіляецца перад памяцьцю папы рымскага. Як людзі становяцца больш гуманнымі, добрымі, як яны сваё жыцьцё вымяраюць жыцьцём папы. Але мы ў Беларусі нібыта жывем у двух вымярэньнях: мы й людзі сусьвету, мы і людзі “на балоце”, дзе нас топяць і зьневажаюць. Такі разлад у нашай душы, у нашым сэрцы, але ж я думаю, што ўсё выправіцца”.

Сваю ўдзячнасьць Яну Паўлу за ўшанаваньне беларускай мовы выказвае мастак Мікола Купава.

(Купава: ) “Баяліся, што найлепшым ён будзе найперш для палякаў. Не. Ён стаў сваім і блізкім ня толькі для ўсіх каталікоў, але ўвогуле для людзей усяго сьвету. Да ўсіх народаў ён прамаўляў на іхнай роднай мове, у тым ліку і да беларусаў. Гэткім чынам, беларуская мова з вуснаў папы загучала на ўвесь сьвет. І гэта вельмі важная пазыцыя папы. І цяпер паўстае пытаньне, ці наступны папа здолее ўтрымаць гэтую пазыцыю”.

Праваабаронца Тацьцяна Процька называе папу самым выбітным пантыфікам сярод многіх ягоных папярэднікаў.

(Процька: ) “Гэта чалавек, які зрабіў для ўсяго сьвету так шмат, што яго шануюць людзі ўсіх канфэсіяў, нават людзі, якія не належаць да хрысьціянства. Гэта адзіны папа, які не сядзеў у Рыме, а езьдзіў па ўсім сьвеце і нёс слова Божае да ўсіх народаў. Зь зямлі сышла сапраўдная асоба, такія людзі нараджаюцца вельмі рэдка”.

Чалавекам сусьвету лічыць Яна Паўла ІІ палітык Мікола Статкевіч.

(Статкевіч: ) “Гэта асоба ўсясьветнага маштабу, і яна выбітная сваёй маральнасьцю. Ён быў прыкладаў асабістай маралі, ён быў вельмі адкрытым для ўсіх людзей, хаця гэта каштавала яму здароўя й ледзьве не каштавала жыцьця. Дзесяткі мільёнаў людзей мелі магчымасьць яго асабіста пабачыць. На жаль, беларусы ня здолелі яго пабачыць на сваёй зямлі. Гэты чалавек зрабіў вельмі шмат ня толькі для царквы, якую ачольваў, але для ўсяго чалавецтва”.

Вялікім гуманістам і міратворцам называе папу пісьменьніца Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Для мяне гэта перш за ўсё чалавек, які хацеў прынесьці чалавецтву мір, разуменьне паміж людзьмі. Мы сёньня ўсе зразумелі, якая маленькая нашая плянэта зямля. І вось тыя людзі, якія намагаюцца нас зьяднаць у адно, даць нам веру ва Ўсявышняга, яны якраз той залаты фонд чалавецтва, без якога мы ўсе прапалі”.

І вось што сказаў філёзаф Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Сыход папы надае мне аптымізму. Мяне ўражвае рэакцыя людзей самых розных цывілізацыяў, якія існуюць на зямлі. Людзі ацанілі жыцьцё вялікага чалавека як жыцьцё вялікага чалавека. Калі чалавецтва на гэта здатнае, то ня ўсё яшчэ згублена”.
XS
SM
MD
LG